Беларусь, якая чакае: Курапаты. Фота
Дзяды. Курапаты. У сучаснай Беларусі абодва гэтыя словы аб’яднаны вельмі моцна. Штогод на Дзяды адбывалася шэсце на Курапаты, усталёўваліся крыжы, запальваліся свечкі, на святым месцы ўскладаліся кветкі. І менавіта Курапатам прысвечаны наш сённяшні выпуск фотапраекта «Беларусь, якая чакае».
30 кастрычніка 1988 году адбылося першае шэсце ў Курапаты. Тады яго жорстка разагналі міліцыянты. Паводле дакументаў, іх было каля 600, ужываўся газ і гумовыя дручкі. Праз 32 года гісторыя паўтарылася: 1 лістапада 2020 года ўжо некалькі тысяч рознага роду «касманаўтаў» са шчытамі, газам, дручкамі, на бусах і пешшу палявалі на тых, хто выйшаў на «Дзяды».
Памяць немагчыма забіць. Мы заўсёды будзем памятаць, хто страляў у 1937-м, хто збіваў у 1988-м, хто паляваў на людзей у 2020-м.
Пакуль мы не ведаем імёны ўсіх, хто знайшоў вечны спачын у Курапацкім лесе. Але гэта месца нашага агульнага нацыянальнага болю. Як і іншыя месцы па ўсёй Беларусі, дзе пахаваныя тысячы ахвяр камуністычнага рэжыму.
Таму мы будзем прыходзіць сюды: каб не забыць.
А для тых, хто сёлета не можа гэта зрабіць асабіста, — наш адмысловы выпуск фотапраекта «Беларусь, якая чакае».