СМІ: Трамп губляе цярпенне ў дачыненні да Пуціна, але не вызначыўся ў сваіх далейшых дзеяннях

Свет спадзяецца, што перамовы пра мір ва Украіне працягнуцца — прынамсі, вызначана новае месца замест Ватыкану, куды расійцы ехаць адмовіліся. Тым часам СМІ тлумачаць, чаму Трамп можа марудзіць з санкцыямі, і ці заканчваецца ў яго цярпенне. Ідзе 1190-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з dzen.ru

Калаж з dzen.ru

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 216 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 65 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Зары, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Елізаветаўкі, Дачанскага, Котліна, Катляроўкі, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 32 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Серабранскага лесу, Надзеі, Рэдкадубу, Капанак, Зялёнай Даліны і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак у раёнах Канстанцінопалю, Бурлацкага, Наваполю, Зялёнага Поля.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 19 атак у раёнах Дружбы, Дыліеўкі, Курдзюмаўкі і Тарэцка.

На Краматорскім і Арэхаўскім кірунках зафіксавана па 11 боесутыкненняў на кожным. Дзевяць атак расіян было на Харкаўскім кірунку.

У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 32 штурмавыя дзеянні арміі РФ. Расіяне нанеслі 11 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 21 кіраваную авіяцыйную бомбу.

* * *

Гэтым летам Расія распачне маштабны наступ на ўсходнюю частку Данецкай вобласці Украіны, якую яна спрабуе захапіць з пачатку вайны. Гэта можа стаць апошнім шанцам для Уладзіміра Пуціна, піша Washington Post.

Папярэджанні пра наступ прагучалі на фоне таго, што мірны працэс пры пасярэдніцтве ЗША забуксаваў, сустрэчы не далі вынікаў: Расія адпрэчыла неаднаразовыя заклікі ЗША і Еўропы да неадкладнага спынення агню.

Амерыканскія аналітыкі заявілі, што Уладзімір Пуцін, відаць, упэўнены ў тым, што ён усё яшчэ можа выйграць вайну ў ваенных адносінах, хоць санкцыі і вялікія страты могуць павольна падрываць ваенную машыну Расіі. Гэтае лета можа стаць для Расіі апошнім шанцам на буйны наступ.

Кантроль над Данецкай вобласцю ў цэлым з'яўляецца прыярытэтам для Пуціна з таго часу, як яму не ўдалося захапіць Кіеў у пачатку вайны ў 2022 годзе. Па словах аналітыкаў, адначасова з асноўным наступленнем на Данецкую вобласць, каля 70% тэрыторыі якой ён кантралюе, Крэмль плануе правесці менш маштабныя атакі ўздоўж мяжы Сумскай і Харкаўскай абласцей Украіны, каб узмацніць ціск на і без таго перагружаныя перадавыя войскі Украіны.

Расіі спатрэбілася 80 тысяч салдат, каб узяць невялікі горад Аўдзееўка ў Данецку ў лютым 2024 года пасля знясільваючай аблогі. У цяперашні час на мяжы Сумскай і Харкаўскай абласцей размешчана 125 тысяч расійскіх салдат — гэтага відавочна недастаткова, каб узяць два абласных цэнтра. Хутчэй за ўсё, гэтыя войскі будуць выкарыстоўвацца для акупацыі ўчасткаў украінскай зямлі ўздоўж мяжы, сказаў прадстаўнік вайсковай выведкі Украіны Андрэй Чарняк. Расія ўжо заявіла, што імкнецца стварыць «буферныя зоны» ўздоўж мяжы.

Аднак, са слоў Чарняка, войскі Масквы будуць выкарыстоўваць гэтыя новыя выступы ўнутры Украіны для ціску на абодва гарады, асабліва на Сумы.

Не маючы ні людзей, ні тэхнікі для правядзення ўласнага наступу, Украіна працягне абарончую стратэгію, якую яна прымяняе з 2024 года, — утрымліваючы лінію фронту і максімальна ўскладняючы для Масквы захоп любой тэрыторыі.

* * *

У ноч на 28 траўня армія РФ атакавала Украіну 5 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23, кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59/69 і 88-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і іншых тыпаў.

Супрацьпаветранай абаронай быў абясшкоджаны 71 варожы БПЛА, з іх 34 збіта агнявымі сродкамі паразы, 37 лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Расійская армія нанесла ўдар балістычнай ракетай па тэрыторыі прадпрыемства на ўскраіне горада Нежын на Чарнігаўшчыне. Ахвяр няма.

У ноч на 28 траўня расійцы атакавалі прамысловае прадпрыемства ў Светлаводску Кіраваградскай вобласці. Вядома пра трох траўміраваных. У выніку атакі пашкоджаныя 76 прыватных і адзін 9-павярховы жылы дом.

У выніку расійскай атакі БПЛА на Харкаўшчыну пацярпелі 8 чалавек, сярод якіх — 4-гадовае дзіця.

У выніку паветранай атакі ў Зеленаградзе Маскоўскай вобласці адбыўся пажар на тэрыторыі тэхнапарка «Элма», будынак яго быў пашкоджаны.

Адным з гарадоў, дзе адбыліся трапленні БПЛА, стала Дубна — там быў уражаны завод «Кранштат» — прадпрыемства па вытворчасці дронаў. Па непацверджаных даных, на «Кранштаце» вырабляюць, сярод іншага, ударна-выведвальныя БПЛА «Арыён».

* * *

500813946_1054171573562587_3813695278029538725_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у чарговы раз раскрытыкаваў Уладзіміра Пуціна за зацягванне мірных перамоваў з Украінай. Пра гэта ён напісаў у сваёй сацсетцы Social Truth. «Уладзімір Пуцін не разумее, што калі б не я, з Расіяй ужо адбылося б шмат вельмі дрэнных рэчаў. Я маю на ўвазе ВЕЛЬМІ ДРЭННЫХ. Ён гуляе з агнём!» — падкрэсліў Трамп.

Тым не менш, прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус заявіла, што словы Трампа ў дачыненні да Пуціна не варта разглядаць як расчараванне. «Я б не назвала гэта расчараваннем. Гэта заява чалавека, які ўзначальваў намаганні па ўсталяванні міру ў столькіх розных рэгіёнах, які выразна і абсалютна празрыста выказвае сваё меркаванне аб тым, што адбываецца», — сказала Брус.

Паводле яе, Расія павінна паставіцца да такіх заяваў сур'ёзна. «Як я ўжо казала, у распараджэнні прэзідэнта ёсць мноства розных сродкаў, каб пераканацца, што наша пазіцыя адчувальная і што яе можна выкарыстоўваць, каб паўплываць, каб спыніць гэтую бойню», — сказала Брус.

* * *

Трамп у аўторак даў зразумець, што ягонае цярпенне ў дачыненні да кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна вычэрпваецца, але ён не вызначыўся ў сваіх далейшых дзеяннях, піша Politico.

«Пуцін небяспечна блізка падыходзіць да таго, каб спаліць залаты мост, які Трамп праклаў да яго», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта ЗША на ўмовах ананімнасці, каб падзяліцца дэталямі аб бягучых развагах Трампа. Са слоў чатырох амерыканскіх чыноўнікаў, Трамп яшчэ не прыняў рашэння што да таго, ці ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць Масквы ў адказ на ўзмацненне атак Пуціна на Украіну. Бо, калі на мінулым тыдні Трамп размаўляў з некалькімі еўрапейскімі лідарамі пасля тэлефонных размоў з Зяленскім і Пуціным, ён выказаў здагадку, што Пуцін, магчыма, адмовіўся далучыцца да перамоў аб спыненні агню пасля пагроз новых эканамічных санкцый з боку ЕС і ЗША.

Лідары-рэспубліканцы ў Сенаце падтрымліваюць двухпартыйны законапраект аб санкцыях супраць Расіі, але чакаюць выразнага сігналу падтрымкі з боку Трампа.

* * *

ЗША атрымалі ад Украіны пералік умоў для дасягнення міру і цяпер чакаюць ад РФ адпаведнага мемарандума, заявіў у эфіры Fox Business спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг.

Па яго словах, пасля гэтага адбудзецца яшчэ адна сустрэча па мірных перамовах. «Мы хацелі б правесці яе ў Ватыкане, але расійцы не захацелі туды ехаць. Таму Жэнева можа стаць наступным прыпынкам, дзе сустрэнуцца ўсе тры галоўныя лідары — Пуцін, прэзідэнт Зяленскі і прэзідэнт Трамп — і падпішуць які-небудзь дакумент, каб пакласці канец вайне», — заявіў Келаг.

* * *

Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм папярэдзіў грамадзян РФ пра згубныя наступствы праз палітыку Пуціна, які не жадае спыняць вайну супраць Украіны.

«Я цаню ўсё тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў, каб пакласці канец гэтай жудаснай вайне. Але каб скончыць любую вайну, вы павінны мець партнёраў, якія жадаюць (гэтага). Пакуль што Пуцін не хоча», — напісаў Грэм у сваім Twitter (X).

Грэм, кажучы пра Пуціна, заклікаў не забываць, што «гэта чалавек, які спрыяў рэжыму Асада ў скідзе бочкавых бомбаў з верталётаў на бязвінных мірных жыхароў і наўмысных мэтах у бальніцах у Сірыі». «Такія ж варварскія паводзіны разыгрываюцца ва Украіне», — адзначае сенатар.

Грэм у сваім звароце да грамадзян РФ папярэдзіў іх аб згубных для краіны наступствах з-за дзеянняў Крамля, у прыватнасці з-за ахвяр з-за агрэсіўнай вайны, з-за спаду эканомікі і міжнароднай ізаляванасці. Грэм канстатуе, што «гэта не робіць Расію вялікай — гэта робіць яе дзяржавай-ізгоем».

«Вы, расійскія людзі і вайскоўцы, можаце зрабіць лепш», — намякнуў амерыканскі сенатар.