Прадэмакратычныя сілавікі атрымалі архіў КДБ з інфармацыяй пра рэпрэсаваных у СССР беларусаў
Усяго за савецкі час у БССР рэпрэсавалі каля 600 тысяч чалавек — ад заможнага сялянства падчас калектывізацыі да дзяржаўнай эліты ў 1937—1938-м, антысавецкіх партызан у 1944—1953-м і дысідэнтаў у пазнейшыя гады.
Мяркуецца, што каля 200 тысяч ахвяр рэпрэсій загінула. Імаверна, больш за 30 тысяч чалавек спачывае ў адных толькі Курапатах пад Мінскам.
Большасць гэтых бязвінных ахвяр у наступным былі рэабілітаваныя, а факт незаконных палітычных рэпрэсій прызнаны на дзяржаўным узроўні яшчэ ў часы СССР.
У лукашэнкаўскай Беларусі гэтая тэма пачала зноў замоўчвацца. У адрозненне ад суседніх краін, архівы савецкай дзяржбяспекі так і не былі адкрытыя пад рознымі надуманымі прычынамі, кшталту «грамадства яшчэ не гатова» і «гэта можа прывесці да звядзення рахункаў з тымі, хто рэпрэсаваў, і іх нашчадкамі». Як паказалі 2020—2022 гады, гэта не была выпадковасць, а частка падрыхтоўкі да новых масавых рэпрэсій, хоць і менш крывавых.
КДБ алічбоўвала запісы са свайго архіва датычна рэспрэсаваных у Савецкім Саюзе беларусаў. А цяпер ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры атрымала алічбаваны архіў КДБ з запісамі пра ахвяр рэпрэсій.
У ім — тысячы і тысячы прозвішчаў. Дакладную колькасць, як кажуць прадстаўнікі сілавікоў, пакуль праз складаную архітэктуру базы назваць цяжка.
«У дадзены момант вядзецца работа па структурызацыі гэтай інфармацыі, звядзення яе ў такую базу, з якой зможа працаваць кожны, проста ўвёўшы прозвішча. Пасля гэта плануецца, што база будзе выкладзена ў адкрыты доступ і стане дасяжнай для любога», — сказалі прадстаўнікі сілавікоў «Нашай Н*ве».