Вярнуць прадастаўленыя Катару лясы!
Больш за 700 чалавек патрабуюць прызнаць незаконным выдзяленне Катару лясоў, «дэмантаваць агароджы і вярнуць лясны фонд для карыстання грамадзянам Беларусі».
У інтэрнэце з'явілася петыцыя, у якой грамадзяне Беларусі патрабуюць
вярнуць лясы ў Лагойскім і Смалявіцкім раёнах, што былі прадастаўленыя ў
доўгатэрміновую арэнду арабскай дзяржаве Катар.
Пад зваротам падпісаліся больш за 700 чалавек.
Нагадаем перадгісторыю: 4 гады таму дзяржаве Катар прэзідэнцкімі ўказамі выдзелілі ўчасткі ў Лагойскім і Смалявіцкім раёне. Адзін, плошчай 25 га, каля Дуброўскага вадасховішча, аддалі пад будучую рэзідэнцыю Катару. Яшчэ два, у Лагойскім раёне, — пад паляўнічыя ўгоддзі. Аб памерах участкаў, перададзеных на 99 гадоў пад паляўнічыя ўгоддзі, інфармацыі ў адкрытых крыніцах няма.
Журналісты TUT.BY аб'ехалі катарскія зямлі і высветлілі: арабскай дзяржаве аддалі амаль 25 квадратных кіламетраў беларускіх лясоў, балот і палёў. Іх абгарадзілі плотам з калючым дротам. Аўтары журналісцкага расследавання налічылі два паляўнічыя ўчасткі: першы, каля 15 км2, размешчаны ад Плешчаніцкага вадасховішча да вёскі Булаховка, другі — паміж вёскамі Выгар, Леснікі, Камена і Пагост і займае каля 7 км2. А нядаўна высветлілася, што ёсць і чацвёрты «арабскі» ўчастак — і таксама ў Лагойскім раёне. Ён займае 32 м2. Пра яго не пісалі, дакументаў у вольным доступе выявіць не ўдалося. Аднак ён адзіны, які не «хаваецца»: над КПП лунаюць сцягі ААЭ і Беларусі.
«Патрабуем прызнаць несапраўднымі распараджэнні аб выдзяленні зямельных участкаў ляснога фонду ў Лагойскім і Смалявіцкім раёнах, дэмантаваць агароджы і вярнуць лясны фонд для карыстання грамадзянам Беларусі», — пішуць аўтары петыцыі. І звяртаюць увагу на парушэнні артыкула 42 Ляснога кодэкса Беларусі, згодна з якім арэндаваныя ўчасткі лесу нельга агароджваць або забараніць там збіраць ягады і грыбы.
«Выдзяленне зямельных участкаў ляснога фонду рабілася негалосна, без абмеркавання з грамадзянамі, якія пражываюць на прылеглай да перададзеных участкаў ляснога фонду тэрыторый, што супярэчыць артыкулу 45 Ляснога кодэкса», — пералічваюць яны.
«Парушаны ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №444 ад 09.09.2009 года: тэрмін, на які прадастаўляюцца ўчасткі ляснога фонду ў арэнду, не можа перавышаць 15 гадоў. Участкі ў дадзеным выпадку прадастаўленыя на 99 гадоў», — падкрэсліваецца ў звароце.
Петыцыя накіравана ў Міністэрства лясной гаспадаркі, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі.
Паводле greenbelarus.info