18 тысяч подпісаў за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі (фота)

Сёння, 6 ліпеня, беларускія праваабаронцы і прадстаўніца Amnesty International па Беларусі Айша Юнг павінны перадаць у Адміністрацыю прэзідэнта 18 тысяч подпісаў за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. 

Айша Юнг

Айша Юнг

Подпісы сабраныя ў Нідэрландах, Бельгіі і іншых краінах свету.
У перадачы петыцый удзельнічаюць Айша Юнг, каардынатар Amnesty International па Беларусі, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда, Сяргей Сыс.


19840104_10213460700573391_933909791_o_logo.jpg


Спецыялісты праваабарончага цэнтра "Вясна" дапамаглі аформіць сабраныя подпісы як звароты грамадзян — дзеля таго, каб яны былі разгледжаны ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.

19727272_10213460702133430_1013580560_o_logo.jpg


У звароце нагадваецца, што Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Ад пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прыгаворана больш за 400 чалавек, за ўвесь гэты час смяротнае пакаранне было заменена турэмным тэрмінам толькі аднаму асуджанаму. Ад пачатку 2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка. Яшчэ адзін чалавек чакае выканання прысуду — гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які адмовіўся ад падачы апеляцыйнай скаргі. 
Еўрапейскія грамадзяне заклікаюць беларускія ўлады ў якасці першага крока ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

19814248_10213460879257858_356405937_o_logo.jpg


"Няўхільны ціск на ўладу ў гэтым пытанні дасць вынік, — адзначыў Алесь Бяляцкі. — Гэта і наша пазіцыя, і пазіцыя замежнікаў".


Пакуль праваабаронцы рэгістравалі зварот, каля будынка адміністрацыі праходзіў шведскі дэпутат Парламецскай асамблеі АБСЕ Хрысціан Хольм Барэндфельд, які таксама выказаўся за адмену смяротнага пакарання. 

19885983_10213461125864023_1272107931_o_logo.jpg


На працягу 30 дзён улады павінны адказаць на петыцыю.