Валадарку вызваляць ад зняволеных да канца чэрвеня
Пішчалаўскі замак, у якім размяшчаецца СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, плануюць вызваліць у другім квартале 2024 года. Што будзе з будынкам і куды перавядуць зняволеных?
Пасля таго як з'явілася інфармацыя, што некаторых зняволеных з Валадаркі пераводзяць у новы ізалятар у Калядзічах, беларус пацікавіўся ў чыноўнікаў, што зараз будзе з будынкам СІЗА № 1, піша «Люстэрка». Гэта Пішчалаўскі замак, які ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама паведамілі: аб'ект знаходзіцца ў гаспадарчым веданні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
— Па наяўнай інфармацыі, вызваленне плошчаў плануецца ў другім квартале 2024 года, — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення культуры Віталя Брэля. Гэта значыць, да канца чэрвеня гэтага года СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага плануюць вызваліць ад зняволеных.
— Цяпер Мінгарвыканкамам сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі прапрацоўвае пытанне далейшага выкарыстання вышэйназванага аб'екта з ініцыяваннем неабходных мерапрыемстваў, — паведамляюць ва ўпраўленні культуры.
У ведамстве таксама падкрэслілі, што замак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму рэканструкцыю там будуць праводзіць у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры і іншымі заканадаўчымі актамі.
Напрыканцы снежня 2023-га родныя зняволеных СІЗА № 1 паведамілі «Люстэрку», што тым сталі выдаваць апавяшчэнні аб пераводзе ў новы следчы ізалятар у Калядзічах з 8 студзеня. Гэта СІЗА першапачаткова планавалі адкрыць у 2015 годзе, аднак у 2013 годзе выявіліся факты хабарніцтва і раскрадання будматэрыялаў, таму тэрміны перанеслі на 2020 год. У 2018 годзе тэрміны зноў ссунулі - ужо на 2022 год.
У снежні 2020 года Onliner.by паведамляў, што самы скончаны від на той момант мелі бальніца і інтэрнат для будучых работнікаў, а ля будынка ізалятара была самая нізкая гатоўнасць. Два карпусы, якія павінны былі яшчэ з'явіцца, будаваць нават не пачыналі. 16 чэрвеня 2021 года выйшаў новы ўказ, паводле якога бальніцу павінны былі здаць у 2021 годзе, а СІЗА - у 2023-м.
Пасля пераезду Валадаркі ў Калядзічы Пішчалаўскі замак павінны аддаць гораду.