Усіх затрыманых журналістаў адпусцілі

Каля 14.15 пацвердзілася інфармацыя пра вызваленне з Цэнтральнага РУУС траіх затрыманых — карэспандэнта Радыё “Свабода” Ігара Карнея, карэспандэнта "Народнай Волі" Алеся Сівага і журналісткі TUT.by Наталлі Касцюкевіч.



no_flash_lid_0.jpg

"Нічога не пыталі, нічога з намі не рабілі. Забралі рэдакцыйнае пасведчанне і пашпарт дзеля спраўджвання асобы, пытался, ці былі адміністратыўныя пакаранні", — распавёў журналіст "Народнай волі" Алесь Сівы прэс-службе БАЖ.

Па яго словах, спачатку журналістаў везлі з Савецкае РУУС, але літаральна ля пад'езду нехта патэлефанаваў міліцыянтам і перанакіраваў у Цэнтральнае.

Пра затрыманне нашых калег прэс-службе ГА “БАЖ” паведаміў актывіст  “Перспектывы” Вячаслаў Піліпчук каля 12.30.

Разам з журналістамі быў затрыманы лідар РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Журналісты рыхтавалі матэрыял з нагоды агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, абвешчанага 27 чэрвеня.

Па дарозе з рынку “Ждановічы” ў гандлёвы цэнтр "Паркінг" іх машыну заблакавалі людзі ў цывільным. Невядомыя выцягнулі пасажыраў з машыны, перасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў пастарунак.

І ў Цэнтральным, і ў Савецкім РУУС катэгарычна адмаўлялі, што да іх прывезлі затрыманых.

“У чарговы раз падзеі разгортваліся па законах трылеру: заблакаваная машына, людзі ў цывільным... Самае абуральнае — што ў РУУС адмаўляліся пацвердзіць інфармацыю пра затрыманне людзей, — пракаментавала інцыдэнт старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна.

Зноў у цэнтры ўвагі сілавых структур аказваюцца не тыя эканамічныя праблемы, якія вывелі прадпрымальнікаў на страйк, а людзі, што фіксуюць гэтыя падзеі.

Пасля візіту прадстаўніцы АБСЕ па свабодзе СМІ Дуньі Міятавіч была надзея, што стаўленне да журналістаў з боку ўладаў пачне мяняцца. Але жыццё паказвае, што разлічваць на станоўчыя змены не даводзіцца. Таму ў чарговы раз нам застаецца толькі дабівацца ад МУС адкрытага абмеркаваня пытанняў узаемадзеяння з журналістамі падчас вулічных мерапрыемстваў і патрабаваць выканання міліцыянтамі канстытуцыйных норм”.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"