У Стакгольме прайшла акцыя за перанос хакейнага чэмпіянату свету-2014
Акцыя ў падтрымку пераносу з Беларусі хакейнага чэмпіянату свету-2014 прайшла 18 мая ў цэнтры Стакгольма. Яе правялі шведская праваабарончая арганізацыя Ostgruppen, Міжнародны шведскі
ліберальны цэнтр і офіс дэпутата Еўрапарламента ад Польшчы Марэка Мігальскага.
Як паведаміла Ostgruppen, у мерапрыемстве ўдзельнічалі каля 35 чалавек. Перад прысутнымі выступілі кіраўнікі абедзвюх шведскіх арганізацый Марцін Угла і Марцін Энгебі, Марэк Мігальскі, Алесь Міхалевіч, Вольга Карач. На думку Углы, калі Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) не перанясе ЧС-2014 у іншую краіну, яна "легітымізуе рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі і такім чынам падтрымае дыктатуру ў Беларусі".
Удзельнікі акцыі арганізавалі сімвалічны хакейны матч, у якім згуляў чалавек у масцы беларускага кіраўніка.
Напярэдадні Ostgruppen правяла акцыю за перанос месца правядзення ЧС-2014 у будынку, дзе праходзіць кангрэс ІІХФ. Марцін Угла беспаспяхова спрабаваў уручыць буклеты з інфармацыяй прэзідэнту
ІІХФ Рэне Фазэлю і старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Яўгену Ворсіну.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН