У Ню-Ёрку з’елі Лукашэнку

30 жніўня ў Ню-Ёрку мясцовыя беларусы незвычайным чынам павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з ягоным днём народзінаў: яны падзялілі на кавалкі і з’елі вялікі торт з ягонай выявай.



Акцыя была арганізаваная ню-ёркскай арганізацыяй “Беларусы ў выгнанні”, да якой далучыліся сябры Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) і Беларуска-амерыканскага альянсу “Пагоня”. Акцыя прайшла ў адным з манхэттанскіх кафэ.

Вядомы беларускі псіхіятр Дзмітры Шчыгельскі, які паставіў беларускаму лідару дыягназ “мазаічная псіхапатыя”, які і замаўляў торт, заўважыў, што ў кандытарскай яму зрабілі вялікую скідку, калі даведаліся, хто мае быць адлюстраваны на торце, і чаму будзе прысвечаная акцыя. Аднак італьянскія кандытары папрасілі не называць месца, дзе быў спечаны торт, бо ім добра вядомыя ўмовы Беларусі і традыцыі беларускага рэжыму.

Сябра БАЗА Юрась Зянковіч нагадаў прысутным вядомыя показкі. “Сёння застаецца ўсяго два дні да восені, і таму я прапаную пачаць есці Лукашэнку”, — дадаў беларускі эмігрант, пасля чаго ўзяў нож і разрэзаў партрэт беларускага лідара на кавалкі. Пры гэтым прысутныя заўважылі, што ў выніку надрэзаў на торце атрымалася, быццам Лукашэнка знаходзіцца за кратамі.

Прысутныя каля 10 запрошаных на мерапрыемства беларускіх эмігрантаў не здолелі самі адолець вялізны торт, і таму прапаноўвалі ўсім прахожым далучацца да святкавання, што тыя ахвотна рабілі, бо торт з партрэтам Аляксандра Рыгоравіча быў надзвычай смачны.

clip_image001.gif

Акцыя адбывалася непадалёк ад офіса сябра Кангрэсу ЗША ад Ню-Ёрка Караліны Малоні, якая надае шмат увагі сітуацыі ў Беларусі, аднак ніхто з супрацоўнікаў офісу да паядання торта не далучыўся.

Паводле Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА)

Фота Дзмітрыя Шчыгельскага