У Мінску затрымалі журналістаў
Сярод затрыманых — карэспандэнт Радыё “Свабода” Ігар Карней, карэспандэнт "Народнай Волі" Алесь Сівы і журналістка TUT.by Наталля Касцюкевіч.
Пра затрыманне прэс-службе ГА “БАЖ” паведаміў актывіст “Перспектывы” Вячаслаў Піліпчук каля 12.30.
Разам з журналістамі затрыманы лідар РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
Паводле папярэдняй інфармацыі, журналісты рыхтавалі матэрыял з нагоды агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, абвешчанага 27 чэрвеня.
12.55. Алесь Сівы адказаў на тэлефанаванне прэс-службы БАЖ, але паспеў сказаць толькі, што знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС і не можа гаварыць.
13.10. Ігар Карней у СМС паведаміў калегам, што ўсе затрыманыя знаходзяцца разам з ім у Цэнтральным РУУС. «Мы прыехалі з Шумчанкам у «Паркінг». Яго пасвілі. Узялі без разбору», — праведамляе Карней.
13.20. І ў Цэнтральным, і ў Савецкім РУУС катэгарычна адмаўляюць, што да іх прывезлі затрыманых. Намеснік старшыні ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец спрабуе звязацца таксама з прэс-сакратаром ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандрам Ластоўскім, але пакуль безвынікова.
Як паведамляе БелаПАН, сёння раніцай на рынку “Ждановічы” адбыўся сход каля 400 страйкоўцаў, якія
абмяркоўвалі сітуацыю з кіраўнітвам рынку і начальніцай аддзела гандлю і паслуг адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Наталляй Хмяльніцкай.
Прыкладна каля 11.40, пасля завяршэння сходу, да Шумчанкі падышоў намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска Шарамецьеў і прапанаваў яму прайсці паразмаўляць у міліцэйскі пастарунак на тэрыторыі рынку. Шумчанка ўдакладніў, ці затрымліваюць яго, на што міліцыянт адказаў адмоўна. Пасля гэтага Шумчанка адмовіўся пайсці з ім і разам з журналістамі пакінуў рынак.