У Мінску з рэек сышлі чатыры цыстэрны з-пад звадкаванага газу
На чыгуначнай станцыі Мінск-сартавальны ліквідаваныя наступствы надзвычайнай сітуацыі. Як паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Беларусі, 4 жніўня ў 21.37 па прыбыцці грузавога лакаматыва Брэст — Бякасава адбыўся сход з рэек чатырох цыстэрнаў.
Усяго ў складзе было 93 цыстэрны. Цыстэрны парожнія з-пад звадкаванага газу. Дзве з іх належаць Расіі, дзве — Казахстану. Чыгуначнае палатно пашкоджана не было. Рух цягнікоў ажыццяўляецца ў штатным рэжыме згодна з цягніковым раскладам. Пацярпелых няма. У выніку здарэння пашкоджана чатыры каляскі (восем колавых пар) апора кантактнай сеткі, чыгуначны святлафор. Усяго на ліквідацыі наступстваў здарэння працавалі 60 чалавек.