У Гомелі стварылі рэгіянальны Форум дэмакратычных арганізацый

У Гомелі 26 верасня гарадскія структуры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і грамадзянскай кампаніі "Наш дом" падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў рамках рэгіянальнага Форуму дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў. 



32062de5b3871aef2a1d4b9498d4520a_448x323.jpg

 

Згоду на далучэнне да форуму выказала таксама гарадская арганізацыя партыі левых "Справядлівы свет". Сваёй місіяй структуры вызначылі фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і залучэнне гамяльчан у працэс прыняцця рашэнняў, сумеснае вырашэнне сацыяльных праблем, удзел жыхароў у грамадзянскіх ініцыятывах, павелічэнне папулярнасці няўрадавых арганізацый. 
"Форум мы стварылі ў першую чаргу для аб'яднання дэмакратычных арганізацый. Мы пачалі па аналогіі — у Мінску была створана падобная кааліцыя, якая ўжо паспяхова дзейнічае. Галоўная задача ў нас — вырашэнне сацыяльных праблем, тое, на чым грамадства сёння можа аб'ядноўвацца. У актывістаў розных партый і рухаў ёсць пэўны вопыт, сувязі і напрацоўкі, усё гэта мы паспрабуем аб'яднаць", — пракаментаваў каардынатар аргкамітэта па стварэнні БХД Андрэй Мельнікаў. 
Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Андрэй Аксёнаў падкрэсліў, што кампанія далучаецца да форуму з шэрагам умоў. "Мы далучаемся з агаворкай па часе: да канца 2014 года. Калі да гэтага часу мы ўбачым, што да форуму не далучыцца ні адна іншая дэмакратычная структура Гомеля, калі галоўная праца структуры будзе заключацца ў круглых сталах і семінарах, а не ў пэўнай працы, то мы выйдзем з форуму", — адзначыў Аксёнаў. 
"Наш дом" унёс у пагадненне арганізацый папраўку: "Асноўнымі прынцыпамі нашай сумеснай дзейнасці з'яўляюцца: добраахвотнасць, публічнасць, выніковасць і кансенсус пры прыняцці рашэнняў". 
Падобнае пагадненне ўжо было падпісана ў Мінску. Удзельнікі сталічнага форуму далі старт кампаніі "За якасную медыцыну для ўсіх". 18 верасня яны правялі круглы стол з удзелам урачоў, медперсаналу і прадстаўнікоў мінскіх арганізацый БХД, АГП, прафсаюза РЭП і шэрагу няўрадавых арганізацый. 
"Наш дом" у рамках удзелу ў дзейнасці рэгіянальнага форуму ў Гомелі заявіў пра гатоўнасць прапанаваць і падтрымліваць любыя сацыяльна значныя ініцыятывы, якія ўяўляюць грамадскую цікавасць для жыхароў як усяго горада, так і яго мікрараёнаў.
Алена Германовіч, БелаПАН