У «Віцебскіх Курапатах» маліліся за забітых
У Хайсах пад Віцебскам адбылася малітва за расстраляных беларусаў.
У канцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя НКУС праводзіў тут масавыя расстрэлы, што стала яшчэ адным буйным злачынствам савецкай улады.
Першыя, каля двухсот, знойдзены 52-м пошукавым батальёнам, былі пахаваныя ў брацкай магіле на станцыі „Лужасна”, як расстраляныя падчас вайны нямецкімі войскамі, хаця ўсе сведкі тых расстрэлаў кажуць, што іх здзяйснялі савецкія органы.
Старшыня ініцыятывы „Хайсы — віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў распавёў пра малебен:
— Пагадзіўся ўніяцкі святар айцец Зміцер Грышан. З’ездзілі туды, памаліліся, усклалі кветкі, запалілі знічкі. Будзем ушаноўваць, ставіць крыжы, будзем рабіць мемарыял.
Нядаўна ў Хайсах пабывалі чорныя капальнікі, якія выкапалі некалькі ямаў у лесе. Былі знойдзены парэшткі целаў вялікай колькасці людзей. Усяго, па ацэнках гісторыкаў, у лесе пад Віцебскам савецкімі карнымі органамі былі расстраляны каля 7 тысяч чалавек.