Суд скараціў 15-суткавы арышт праваабаронцы на 10 гадзін

Паўлу Левінаву не ўдалося абскардзіць пастанову Кастрычніцкага райсуду Віцебску, які ў асобе судздзі Іны Грабоўскай прызнаў праваабаронцу вінаватым нібыта ва ўдзеле ў дзвюх несанкцыянаваных акцыях.

Павал Левінаў, архіўнае фота

Павал Левінаў, архіўнае фота

17 красавіка суд пастанавіў пакараць яго арыштам на 15 сутак.

У абласным судзе інтарэсы праваабаронцы прадстаўляў ягоны родны брат Андрэй, бо сам Павал Левінаў працягвае лячэнне, распачатае ў пачатку красавіка.

Тое, што Паўла Левінава пакаралі ў ягоную адсутнасць, пакуль ён знаходзіўся ў лячэбных установах, прадстаўнік праваабаронцы кваліфікаваў у абласным судзе яе пазбаўленне права на абарону і тлумачэнні. Суддзі абласнога суду Ірыне Смаляковай самыя поўныя тлумачэнні былі прадстаўлены ў касацыйнай скарзе з 6 дадаткамі. Галоўнае, на што была звернута ўвага суду — гэта беспадстаўнасць затрымання Паўла Левінава 26 сакавіка.

На праваабаронцу па затрыманьні склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка, падчас якіх ён нібыта выказваў свае погляды наконт гадавіны стварэння БНР, а таксама сваё стаўленне да дэкрэту № 3. Тамсама ж, у Кастрычніцкім РАУС, Павал Левінаў адразу тлумачыў, што мае заданне ад Беларускага Хэльсынскага камітэту назіраць за масавымі мерапрыемствамі, што ў яго ёсць пасьведчанне назіральніка, а таксама ён пазаштатны журналіст газеты «Витебский курьер».

Усё гэта сведчыць, што ён не браў удзелу ні ў адной акцыі, а прысутнічаў там у якасці прадстаўніка СМІ і назіральніка ад зарэгістраванай праваабарончай структуры.

На суддзю Ірыну Смалякову выказаная ў скарзе пазіцыя аўтара скаргі не паўплывала. Як, зрэшты, і выступ прадстаўніка Андрэя Левінава, які цягам гадзіны бараніў брата, выкрываючы і беспадстаўнасць затрымання, і памылкі ў міліцэйскіх дакументах, і працэсуальныя парушэнні падчас разгляду ў Кастрычніцкім райсудзе.

Абласны суд змяніў пастанову суду першай інстанцыі толькі ў адным: пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін 15-суткавага арышту час з 13.10 да 23.20 26-га сакавіка. Гэта перыяд ад затрымання Паўла Левінава да таго моманту, як яго забрала з ізалятару часовага ўтрымання «хуткая дапамога». У Левінава падняўся ціск, здарыўся гіпертанічны крыз, і наступствы хваробы прывялі да таго, што і да сённяшняга дня ягонае здароўе не нармалізавалася.

www.svaboda.org