У Ваўкавыску ў нядзелю людзі пайшлі ў царкву замест мітынгу, але іх усё роўна затрымлівалі

4 кастрычніка ў Ваўкавыску ўпершыню людзі не выйшлі на нядзельны пратэст. У 14.30, калі звычайна праходзіць акцыя пратэсту, у адным з ваўкавыскіх храмаў правялі малітву за Беларусь. На набажэнства прыйшлі блізу 150 чалавек. Пасля яго заканчэння людзей затрымлівалі і везлі ў РАУС «на гутарку», паведамляе hrodna.life.

Пратэстоўцы ў Ваўкавыску 14 жніўня. Фота: volkovysk.by

Пратэстоўцы ў Ваўкавыску 14 жніўня. Фота: volkovysk.by

Маліцца за Беларусь кожную нядзелю блаславіў мітрапаліт. Толькі малебен праходзіў у 17.00, распавёў Hrodna.life Аляксандр Богдан, ваўкавыскі святар. Да яго звярнуўся адзін з пратэстоўцаў і папрасіў правесці малебен раней, днём, калі ўсе выходзяць на пратэст.
Айцец Аляксандр перанакіраваў яго да іерэя Аляксандра Юзвы, памочніка епіскапа ў царкоўнай акрузе ў складзе епархіі. Той пагадзіўся, і сам адслужыў малебен. Прыйсці маглі і прадстаўнікі іншых канфесій, і няверуючыя, адзінай умовай было не прыносіць з сабой у царкву сімволіку і плакаты.
На службу ў храм Святых Роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла ў прыватным сектары сабраліся каля 150 чалавек. «На малебен увечары прыходзіць звычайна 10−15 чалавек. Вернікі ў асноўным ідуць раніцай на літургію», — патлумачыў Аляксандр Богдан.
Пасля службы пачаліся затрыманні. Людзей везлі ў РАУС, апытвалі, праз пару гадзін адпускалі без складання пратаколу. 3−4 чалавекі адвезлі ў РАУС яшчэ да службы. Усяго такім чынам затрымалі каля 15 чалавек.
У затрыманых правяралі тэлефоны і казалі, што пратэстоўцы перайшлі мяжу пасля падпалу дома і аўто міліцыянта, паведамлялі чытачы «Нашай Нівы». Як сказаў начальнік РАУС Віталь Асоцкі, які здымаў усе акцыі пратэсту на камеру, грамадзян затрымалі на гутарку.
Дзённы малебен за Беларусь плануецца і ў наступную нядзелю. «Не ведаю, як людзі ўспрымуць інцыдэнт з затрыманнямі. Думаю, службу абвесцяць, але многія пабаяцца», — сказаў Аляксандр Богдан.
30 верасня айца Аляксандра судзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 13 верасня. Тады людзі пасля службы з памінаннем загінулага дырэктара ваенна-гістарычнага музея Канстанціна Шышмакова прыйшлі да будынка музея. Айцец Аляксандр пайшоў туды ўскласці кветкі ў памяць аб загінулым, якога ён ведаў асабіста.
hrodna.life