У офіс Godel Technologies у Гродне прыйшлі сілавікі. Затрымалі праграміста Уладзіміра Родчанку
Сілавікі прыйшлі ў офіс Godel Technologies у Гродне, паведамляе Hrodna.life. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС хацелі агледзець працоўнае месца аднаго з працаўнікоў кампаніі ў рамках адміністрацыйнай справы. Самога работніка на месцы не было, бо ён працуе выдалена.
Дакументаў на агляд міліцыянты не паказалі, распавёў супрацоўнік кампаніі Віталь Вановіч. Праз паўгадзіны
прыехалі яшчэ двое сілавікоў у аліўкавым адзенні без апазнавальных знакаў,
пасведчанне паказалі літаральна на секунду. Яны прапанавалі, каб прыехаў
начальнік РАУС: «Хочаце па законе, будзе па законе».
Супрацоўнік Godel Technologies Уладзімір Родчанка прасіў
супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца, а таксама тэлефанаваў адвакату і
ўдакладняў, ці маюць яны права пранікаць у офіс без дакументаў. У дачыненні да
яго таксама пачалі адміністрацыйны працэс. У выніку Родченко затрымалі прама на
працоўным месцы за непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт
23.4 КААП).
Хто такі Уладзімір Родчанка?
Уладзімір Родчанка — інжынер-праграміст у «Godel Technologies». Яму 32 гады, ён жанаты, мае дзяцей пяці і сямі гадоў. Ён рэгулярна падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гродне ў 2020 годзе.
12 жніўня 2020 года Уладзімір з трыма знаёмымі ўстаў на
калені насупраць Гродненскага аблвыканкама з фота пяцігадовай дзяўчынкі, якая
пацярпела ўвечары напярэдадні. Гродненцаў затрымалі, збілі ў РАУС і
размалявалі твар маркерам. Увечары 12 жніўня Уладзімір трапіў у бальніцу хуткай
медыцынскай дапамогі. Пазней яго неаднаразова судзілі па арт. 23.34, а ён
спрабаваў абскардзіць рашэнні суда.
Godel Technologies-IT — кампанія па аказанні паслуг у сферы
распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў Еўропе. Офісы знаходзяцца ў шасці
гарадах Беларусі і іншых краінах.