У Літве кантрабандыст беларускіх цыгарэт тараніў памежнікаў. Тыя адкрылі агонь
У панядзелак, 1 лістапада, пры самай мяжы з Гродзенскім раёнам Беларусі літоўскія памежнікі заўважылі падазроны аўтамабіль «Audi Q5». На патрабаванне спыніцца кіроўца толькі націснуў на газ, паведаміла літоўская памежная служба.
Памежнікі заблакавалі дарогі ў ваколіцах, і неўзабаве
патруль на «Toyota Land Cruiser »перастрэў бегляка ў сямі кіляметрах ад мяжы.
Той, аднак, не спыніўся, а павялічыў хуткасць і пратараніў машыну памежнікаў.
Удар прыйшоўся ў пярэдні правы бок, адзін службовец атрымаў лёгкія траўмы.
Кантрабандыст збіраўся ўцякаць далей, але адзін з
памежнікаў сем разоў стрэліў у маторны адсек «Аўдзі». Машына заглухла і
спынілася, а кіроўцу паклалі на зямлю.
Ён аказаўся жыхаром Друскеніцскага муніцыпалітэта. У машыне
знайшлі 35 скрынь цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі — у іх было 17 500
пачкаў.
Кантрабандысту пагражае да 8 гадоў зняволення, з яго ўзялі падпіску аб нявыездзе і адпусцілі.
Паводле «Свабоды».