Краіны ЕС не ўпусцілі за суткі 453 мігранта з боку Беларусі
За мінулыя суткі краіны Еўрапейскага саюза не ўпусцілі 453 нелегальных мігранта, якія мелі намер незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
Памежная служба Польшчы ў Твітэры паведаміла, што 2 лістапада была зафіксаваная 351 спроба нелегальнага перасячэння мігрантамі мяжы з беларускай тэрыторыі. Затрымалі 16 чалавек — па восем грамадзян Ірака і Турцыі. 70 замежнікаў, якім удалося перайсці мяжу, былі прымушаныя пакінуць Польшчу, астатніх у краіну не пусцілі на подступах, пішуць naviny.online.
Акрамя таго, за дапамаганне ў нелегальнай міграцыі затрыманы грамадзянін Сірыі.
Партал навінаў Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміў, што за мінулыя суткі ў краіну не ўпусцілі 96 мігрантаў з боку Беларусі.
Сцвярджаецца, што днём недалёка ад мяжы ў Варэнскім раёне з беларускага боку прагучалі тры адзіночныя стрэлы.
Паводле звестак памежнай службы, з пачатку жніўня, калі была прынятая пастанова не затрымліваць нелегалаў, а разгортваць іх назад у Беларусь, у краіну не ўпусцілі 5.478 чалавек. Пры гэтым з пачатку года беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі каля 4,2 тыс.мігрантаў.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што 2 лістапада незаконна перасекчы латвійска-беларускую мяжу спрабавалі 22 чалавекі. Нікога не затрымалі і ў краіну не ўпусцілі.
Праз павелічэнне плыняў нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі Літва абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча ўвялі надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.