Пасля размовы кіраўнікоў МЗС Ірана і Беларусі на радзіму вярнулі траіх мігрантаў

Пасля тэлефоннай размовы міністраў замежных спраў Ірана і Беларусі трое іранскіх мігрантаў вярнуліся на радзіму.

Іранскія мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / twitter.com/darushmemar

Іранскія мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / twitter.com/darushmemar


Размова кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін адбылася днямі, паведамляе «Еўрарадыё». Адзначалася, што кіраўнік МЗС Ірана Хасэйн Амір Абдалахіян папрасіў Макея дапамагчы іранскім мігрантам, якія затрымаліся на беларуска-літоўскай мяжы. Гаворка ішла пра групу з 13 чалавек. Хасэйн Амір Абдалахіян тады заявіў, што Тэгеран сур'ёзна заклапочаны станам сваіх грамадзян.

За некалькі дзён да гэтай размовы іранская актывістка Сара Лагмані расказвала ў Twitter, што пошукам іранскіх грамадзян займаецца генконсул амбасады Ірана ў Беларусі. Ён асабіста выехаў на беларуска-літоўскую мяжу. Пры гэтым яна вельмі крытычна выказалася пра стаўленне да мігрантаў беларускіх сілавікоў. «Да д'ябла беларускую паліцыю за тое, што яна ўвесь час гвалтоўна выцясняе іх, а ў нас няма месца для іх», — напісала Сара Лагмані.

Сярод 13 іранскіх мігрантаў, пра якіх гаварылі міністры дзвюх краін, ёсць музыка і мастак, які збег з турмы Ісламскай Рэспублікі. На радзіме яго могуць пераследаваць. Такое развіццё падзей раней дапускаў палітолаг Аляксандр Фрыдман.

«Калі многія выхадцы з Ірака, Лівана і іншых блізкаўсходніх краін накіраваліся ў ЕС па лепшае жыццё, то з Ірана ў Еўропу часта бягуць праціўнікі фундаменталісцкай дыктатуры», — нагадваў ён. Для гэтых людзей, паводле слоў Фрыдмана, вяртанне ў Іран можа мець сур'ёзныя негатыўныя наступствы.