У лесе каля польска-беларускай мяжы памерла аднагадовае дзіця
Ратавальнікі «Польскага цэнтра міжнароднай дапамогі» паведамілі сёння, што ўначы яны дапамаглі тром людзям і ад іх даведаліся пра смерць дзіцяці, паведамляе «Наша Ніва».
«Пасля 2:26 [ночы] мы атрымалі паведамленне аб тым, што як мінімум адзін чалавек, які цяпер знаходзіцца ў лесе, мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе. На месцы высветлілася, што тры чалавекі атрымалі раненні. Яны знаходзіліся ў лесе 1,5 месяца!» — напісалі ратавальнікі ў «Твітары».
Паводле ратавальнікаў, у маладога чалавека ўзніклі моцныя болі ў жываце. Ён быў галодны і абязводжаны. Акрамя яго, у дапамозе мела патрэбу сірыйская пара. У мужчыны была рваная рана на руцэ, а ў жанчыны — нажавое раненне галёнкі. Паводле іх слоў, «іх аднагадовае дзіця памерла ў лесе».