«Хачу быць уладарніцай марской»
Беларуская своеасаблівая дыпламатыя на тыдні, па даўнім выразе аднаго з нашых чыноўнікаў з МЗС, «пацярпела чарговую перамогу». Меркель патэлефанавала Лукашэнку двойчы, і гэтым разам, у адрозненне ад 2020-га, той зняў слухаўку.
Зразумела, размова тычылася мігрантаў. Але падыходы да вырашэння мігранцкага крызісу ў пакуль яшчэ выконваючай абавязкі канцлера Германіі і пакуль што кіраўніка Беларусі аказаліся зусім рознымі. Меркель, паводле паведамленняў замежных СМІ, шукала «гуманітарныя шляхі, каб забяспечыць, напрыклад, доступ для УВКБ (Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў)» для вырашэння гэтага крызісу. Лукашэнка ж, паводле паведамленняў тых жа СМІ, выставіў ультыматум з як мінімум чатырох пунктаў. Гэта: яго прызнанне прэзідэнтам, каб не было проста пагардлівага «спадар Лукашэнка» (менавіта так называлі Лукашэнку ў прэс-рэлізе нямецкага ўрада па выніках размовы); зняцце санкцый Еўрасаюза супраць яго краіны пасля фальсіфікацыі выбараў, гвалту і катаванняў супраць народа і пасля ўгону самалёта «Ryanair»; каб ЕС (асабліва Германія) забраў палову мігрантаў, якіх ён прывёз у краіну; фінансавая дапамога для экстраных прытулкаў і дамоў для ўцекачоў, бо ён баіцца яшчэ большай хвалі бежанцаў з Афганістана праз Беларусь у Еўрасаюз.
Пасля гэтай размовы шмат хто пачаў казаць, што Германія «прагнулася» перад Лукашэнкам і што сам факт такой размовы азначае прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі «дэ-факта». Насамрэч, канешне, гэта не так, бо ЕС — гэта не толькі Германія. І тэлефонная размова, безумоўна, не азначае прызнання Лукашэнкі. Хаця б таму, што інакш бы Лукашэнка не высоўваў патрабаванне аб сваім прызнанні.
Але чамусьці ўсе каментатары накінуліся на Меркель і забыліся пра другога суб’екта размовы. А «ўльтыматум Лукашэнкі» кажа шмат пра што.
Па-першае, пра тое, што менавіта беларускія ўлады ў асобе «правадыра» прызналі сваю датычнасць да стварэння гэтага крызісу. Інакш бы не было размовы, каб падзяліцца мігрантамі «50 на 50». Асабліва паказальны ў гэтым плане пункт пра «хвалю бежанцаў з Афганістана», бо, наколькі ўсім вядома, з Афганістанам у нас няма бязвізавага рэжыму. Дый што там казаць — у нас у Афганістане нават няма амбасады, якая магла б выдаваць візы! Скуль узяцца гэтым уцекачам?
Па-другое: тое, што Лукашэнка патрабуе вызнання сябе прэзідэнтам праз год пасля выбараў, — азначае крызіс легітымнасці. То-бок, ён асэнсоўвае, што не з’яўляецца сапраўды прэзідэнтам Беларусі. А гэта азначае не толькі моцную псіхалагічную траўму пакуль што кіраўніка. Дэ-факта, ён вызнае, што ўсе міжнародныя (дакладней, двухбаковыя з Расіяй) дамоўленасці, уключаючы як «інтэграцыйныя карты», так і Ваенную дактрыну — з яго подпісам вельмі сумнеўныя.
І па-трэцяе — пункт пра зняцце санкцый. Гэта азначае: яны вельмі балючыя для афіцыйнага Мінска. Асабліва цяпер, калі надышоў час на заключэнне новых кантрактаў па пастаўках за мяжу калію, нафты і нафтапрадуктаў, транзіту газа і гэтак далей. «Прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам» і зняцце санкцый азначала б разблакіроўку фінансавых патокаў ды зноў дало б доступ уладам да заходніх крэдытаў і праграм дапамогі для тых жа мігрантаў. І высвятляецца, што праблема легітымнасці — гэта ў тым ліку праблема грошай, якія вельмі і вельмі патрэбныя.
Аднак Еўропа мае намер развязаць мігранцкі крызіс, а не крызіс легітымнасці і эканамічныя праблемы беларускага кіраўніка. Паказальна, што ў той час, калі Лукашэнка патрабуе грошай, кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль адказвае на ліст Латушкі і НАК з нагоды выдаткаваных Беларусі ў жніўні Міжнародным валютным фондам SDR — спецыяльных правоў запазычання, якія і не грошы быццам. У гэтым адказе Барэль паведамляе, што канвертаваць SDR у рэальныя грошы ў Еўропе ніхто не будзе. То-бок, па факце, «грошы ад МВФ» будуць ляжаць мёртвым грузам у золатавалютных рэзервах Нацбанка і проста цешыць эга чыноўнікаў тым, што яны нібыта ёсць. Але скарыстацца імі нельга.
Наколькі швах з грашыма, паказваюць выдаткі ўладаў і апошняя статыстыка. Напрыклад, на тыдні з рэзервовага фонду Лукашэнкі — «недатыкальнага запасу» — нібыта выдаткавана 134,3 млн. рублёў на даплаты медыкам, што працуюць з Сovid-19. Але выдаткавана вельмі дзіўна: Міністэрства аховы здароўя для размеркавання паміж арганізацыямі, падпарадкаванымі ведамству наўпрост, атрымае толькі 8,2 млн. рублёў. А асноўная частка — 126,09 млн. рублёў — будзе перададзеная кансалідаваным бюджэтам рэгіёнаў. Як «чыноўнікі на месцах» распарадзяцца гэтымі грашыма і ці сапраўды яны дойдуць непасрэдна да медыкаў — вялікае пытанне.
«Флагманы беларускай прамысловасці», згодна з афіцыйнай статыстыкай, зноў пабілі гістарычны рэкорд па даўгах. Прычым буйныя і сярэднія прадпрыемствы краіны назапасілі даўгоў больш, чым прагнозны ВУП за 2021 год. Сумарныя даўгі буйных і сярэдніх кампаній Беларусі на 1 кастрычніка склалі 162,780 млрд. рублёў. А згодна з сакавіцкім прагнозам Мінэканомікі, разлічаны ВУП Беларусі за 2021 год складзе каля 158,5 млрд. BYN.
З ВУП, дарэчы, таксама не ўсё ў парадку. Яшчэ ў жніўні на фоне «экспартнага цуду» ён складаў 3%, а кастрычніцкія лічбы паказалі рост у 2,4%. То-бок, ВУП краіны падае.
Канешне, і гэтая лічба добрая на фоне песімістычных прагнозаў урада па росце таго самага ВУП за 2021 год на 1,8%. Але, у той жа час, варта адзначыць, што інфляцыя ў краіне за той жа кастрычнік склала 10,5%. То-бок, нават «аптымістычны рост ВУП» у пяць разоў меншы за інфляцыю. І эканоміка Сінявокай нібыта зарабляе грошы, але гэтыя грошы абясцэньваюцца хутчэй, чым зарабляюцца.
Па выразе эканаміста Льва Марголіна, грошы — гэта «паліва эканомікі», не будзе паліва — і машына не здолее рухацца. Падобна да таго, што паліва заканчваецца — і рух па інерцыі як мінімум запавольваецца.
Таму патрабаванне Лукашэнкі «стаць уладарніцай марской» мае не толькі псіхалагічныя, але і вельмі прагматычныя моманты, асабліва калі на носе рэферэндум і трэба зноў «купляць электарат». Грошай жа няма не тое што на куплю — на падтрыманне таго, што ёсць.
«Рэзервовы фонд» — таксама не бяздонная бочка. Чэрпаць адтуль фінансы бясконца таксама не атрымаецца.