У Беларусі забаранілі прадаваць некаторую прадукцыю «Nivea». Гэтая кампанія адмовілася спансаваць хакейны ЧС
Пастанову на ўвядзенне часовых санітарных мер, якія забараняюць увозіць і распаўсюджваць у Беларусі асобныя найменні парфумерна-касметычнай прадукцыі гандлёвай маркі «Nivea», падпісаў 6 красавіка намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандар Тарасенка.
Як сцвярджае Мінздароўя, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы выявілі шэраг парушэнняў, у тым ліку:
продаж прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць
і бяспеку;
невыкананне яе тэрміну прыдатнасці;
адсутнасць з боку суб’ектаў гаспадарання вытворчага кантролю ў дачыненні да прадукцыі;
па асобнай прадукцыі «Nivea» выявілі «неадпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу "Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі" ў частцы маркіроўкі (на ёй не было інфармацыі аб найменні і месцы знаходжання арганізацыi, якая прымае прэтэнзіі ад спажыўцоў, або назва прадукцыі не адпавядае яе складу інгрэдыентаў).
Агулам санітарна-эпідэміялагічная служба Беларусі забараніла рэалізацыю амаль 3 тысяч адзінак парфумерна-касметычнай прадукцыі розных вытворцаў, адзначае ведамства.
У студзені кампанія «Nivea» разам з кампаніямі «Liqui Moly»,
«Škoda» і «Tissot» адмовілася спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, у выпадку, калі
яго вырашаць праводзіць у Беларусі з прычыны палітычнай сітуацыі ў краіне і
парушэнняў правоў чалавека. У выніку чэмпіянат свету перанеслі з Беларусі: ён пройдзе ў Рызе.
Паводле «Свабоды».