У Беларусі створаны Адзіны рэестр дамоў, якія пустуюць. Іх можа паглядзець кожны ахвочы
У Беларусі створаны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Адзіны рэестр дамоў, якія пустуюць». Яго неўзабаве збіраюцца значна дапоўніць.
У рэестры будзе акумулявацца ўся інфармацыя пра пустыя дамы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
Рэестр створаны «з мэтай выяўлення, уліку і скарачэння колькасці пустых жылых дамоў, а таксама аўтаматызацыі працы, павышэння інфармаванасці грамадзян, забеспячэння абароны іх правоў і законных інтарэсаў».
Доступ да рэестра — адкрыты і бясплатны. Кожны ахвочы зможа не толькі знайсці і паглядзець характарыстыкі таго ці іншага дома, але і ў рэжыме анлайн убачыць яго месцазнаходжанне, стан, даведацца пра ўзрост пабудовы.
«На працягу студзеня інфармацыйны рэсурс будзе дапоўнены, і ўся інфармацыя па дамах, што пуставалі да 1 студзеня 2023 года, якая ўтрымліваецца ў асобных рэестрах, сфарміраваных асобна раённымі выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі адміністрацыямі раёнаў, будзе перанесена ў Адзіны рэестр дамоў, якія пустуюць», — адзначае Дзяржкаммаёмасць.
Цяпер Адзіны рэестр дамоў, якія пустуюць, ужо ўтрымлівае інфармацыю пра больш чым 1200 дамоў, у тым ліку пра тыя, у дачыненні да якіх праводзяцца мерапрыемствы па пошуку ўласніка або прынята рашэнне, і пра прызнаныя пустымі.
Азнаёміцца з рэестрам можна на сайце eri2.nca.by — у такім выпадку пры аўтарызацыі трэба выбраць укладку «Увайсці як госць». Далей па фільтры можна выбраць параметры аб'ектаў, якія цікавяць.
Паводле gki.gov.by, eri2.nca.by