У Беларусі +14 новых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 25 лютага
Праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў 14 чалавек. Гэта Віктар Саўчыц, Аляксей Горын, Сяргей Кабурнееў, Аляксандр Сезень, Юрый Залатухін, Леанід Церабей, Анатоль Крупін, Віктар Вараб'ёў, Аляксандр Яворскі, Сяргей Цераховіч, Карына Маліноўская, Юрый Кутузаў, Уладзімір Махнач, Алена Бадзяка. «Новы Час» сабраў інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 25 лютага.

У Светлагорску за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі чальца выбарчай камісіі на выбарах 2020 года
24 лютага ў Светлагорску суддзя Валерый Мінчын абвінаваціў мясцовага жыхара Паўла Шусціна паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Павел Шусцін да апошняга часу працаваў на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце і ўзначальваў там грамадскую камісію па ахове прыцы. У 2020 годзе Шусцін уваходзіў у склад участковай выбарчай камісіі № 19, што месцілася ў светлагорскай ДЮСШ № 2. Туды ён нібыта быў вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заявы.
Сямейную пару ў Гродне асудзілі па 5 крымінальных артыкулах
У Гродзенскім абласным судзе 24 лютага разглядалі крымінальную справу супраць Леаніда і Антаніны Церабей паводле пяці крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Як паведаміла «Гарадзенская праваабарона», суддзя Мікалай Чачынскі прызначыў Антаніне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), а Леаніду — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У суд накіравалі справу ў дачыненні да пяці беларускіх добраахвотнікаў
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя здзейснілі «шэраг злачынстваў экстрэмісцкай, тэрарыстычнай і іншай накіраванасці».
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта.
У Мазыры за «паклёп на Лукашэнку» судзяць фатографку
25 лютага ў судзе Мазырскага раёна прызначаны пачатак разгляду крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) у дачыненні да Анастасіі Ахраменка. Судовы працэс у закрытым рэжыме будзе ўзначальваць суддзя Анатоль Стрэльчанка.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Анастасія прафесійна займалася фатаграфіяй, рабіла фотасесіі на замову. Апошняя яе актыўнасць у сацыяльных сетках была каля месяца таму.
Супрацоўніцу «Пеленга» асудзілі да калоніі
29-гадовую супрацоўніцу кампаніі «Пеленг» Карыну Праташчык асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі).
Суд над дзяўчынай пачаўся 3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Справу Карыны разглядала Любоў Сімахіна. Невядома дакладна, калі яе затрымалі — апошняя актыўнасць у сацсетках Карыны была больш за паўгода таму. Прыкладна ў той жа час, у ліпені 2024 года, адбываўся масавы пераслед супрацоўнікаў «Пеленга».
Па звестках «Белпола», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.
Дваіх братоў і сямейную пару з Кобрына сёння судзілі за пратэсты
У судзе Кобрынскага раёна 25 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса супраць Дзмітрыя Кубарэцкага, Наталлі Кубарэцкай, Віктара Ціханенкі, Іллі Ціханенкі.
Працэс вядзе суддзя Аляксей Кміта.
Арыштаваную армянскую блогерку Бэлу (Розу Бабаханян) вывезлі з Беларусі
Пра затрыманне жанчыны стала вядома на мінулым тыдні. Блогер Аляксандр Лапшын паведамляў, што яе абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў — «распальванне варожасці», «прапаганда вайны», «паклёп», «абраза прадстаўніка ўлады», «пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў».
У Глыбокім — новы суд за пратэсты 2020-га
25 лютага ў судзе Глыбоцкага раёна судзяць мясцовага прадпрымальніка Сяргея Міхалевіча. Разглядаецца справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або ўдзел у іх).
Гэты суд, як і некалькі папярэдніх — наступствы “хапуна”, які сілавікі зладзілі ў Глыбокім у верасні-кастрычніку мінулага года. Тады на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 5 відэаролікаў з “пакаяльнымі” відэа глыбачан, якія прызнаваліся, што бралі ўдзел у пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Некалькі чалавек на гэтых відэа мелі відавочныя фізічныя пашкоджанні, нанесеныя, верагодна, падчас затрыманняў.
Усе суды за ўдзел у грамадскіх пратэстах (суд над Сяргеем Міхалевічам — ужо пяты) вядзе Андрэй Тарасевіч.