За падтрымку Украіны ў Беларусі асудзілі мінімум 209 чалавек. Хронікі рэпрэсій 24 лютага

За тры гады поўнамаштабнай вайны за падтрымку Украіны ў Беларусі па крымінальных артыкулах асудзілі не менш за 209 чалавек, сярод іх 38 — жанчыны, паведамляе «Вясна». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі на сёння, 24 лютага.

1_1097.png

Як мінімум 41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асудзілі мінімум 93 чалавекі.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны актыўнаму пераследу падвяргаюцца ўкраінцы ў Беларусі. Пры ўездзе ў нашую краіну іх пільна даглядаюць і дапытваюць спецслужбы, а некаторых не ўпускаюць без тлумачэння прычынаў. Некаторыя ўкраінцы зазнаюць крымінальны пераслед за «агентурную дзейнасць», «спробы дыверсій» і «шпіянаж». На сёння ў Беларусі асудзілі як мінімум 13 грамадзянаў Украіны.

У Віцебску — новая справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі

Сёння, 24 лютага, у судзе Чыгуначнага раёна пачаўся разбор справы, распачатай паводле ч.1 арт. 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  супраць віцяблянкі Любові Уладзіміраўны Вакар.

Суддзя Алена Грабянчук

Палітзняволены Дзяніс Івашын правёў 15 сутак у ШІЗА

Ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары з 4 па 18 лютага, напісала яго жонка Вольга Івашына.

Нагадаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пазней Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Каля 40 непаўналетніх у Беларусі ў 2024 годзе асудзілі па “пратэсных” артыкулах

29 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах -- за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Таксама судзілі за абразу Лукашэнку, здраду дзяржаве, заклікі да санкцый.

Усяго асуджана 593 непаўналетніх. Гэта на 14,3% менш, чым у 2023 годзе (692 непаўналетнія)

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Божа Справа», «by Zluki Bobry/Злюки Бобри», «Viejšnoryja Today», «Компромат 2.0 :: Мы решаем, что является компроматом», «Ліхтар», «РУБпАК Sky Lords», «NAZI GERMAN CONFESSION»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Achowa / وَحَُا»;
  • Старонка ў Facebook «Stop_zagon»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «иван лебедев»;
  • Старонка ў «Х» «Macsim».

Ксяндза з Ліды затрымалі за падпіскі

Ксяндза Дзмітрыя Мальца, вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы, піша @christianvision. 

Раней святар служыў у Навагрудку і стаў вядомы тым, што ў 2023 годзе яго хацелі прызваць у беларускую армію. У касцёле нават прайшла развітальная імша, аднак пасля розгаласу ў СМІ прызыў адмянілі.

Сёння ў яго судовае пасяджэнне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Беларускую пенсіянерку затрымалі ў Расіі за «абразу Лукашэнкі»

Ураджэнку Гомельскай вобласці затрымалі супрацоўнікі дарожнай паліцыі ў Санкт-Пецярбургу. Аказалася, што яна ў вышуку, піша «Фантанка».

Па даных выдання, 62-гадовая жанчына цяпер знаходзіцца ў адным з аддзелаў паліцыі. Напярэдадні яе спынілі на Фінляндскім вакзале. Пры праверцы дакументаў высветлілася, што яна з сярэдзіны лютага ў вышуку за «негатыўныя выказванні» пра Лукашэнку. Каментары жанчына пакідала ў перыяд з лістапада 2021 па верасень 2022 гадоў.

Расійскія праваахоўнікі паведамілі аб затрыманні беларускім.

Маладога чыгуначніка з Брэста судзяць за «заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»

Максіму Солапу 36 гадоў. Ён родам з Брэста. У 2012 скончыў фізфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Працаваў інжынерам у Брэсцкім інфармацыйным вылічальным цэнтры па экспарта-імпартных перавозках Беларускай чыгункі.

Максім любіць падарожжы і актыўны адпачынак, а таксама займаецца рознымі відамі спорту і вядзе здаровы лад жыцця, піша «Наша Ніва».

Яго пачынаюць судзіць сёння ў Брэсцкім абласным судзе. Максіма абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Суддзя — Кацярына Груда.

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Паліна нарадзілася ў 1994 годзе. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (2016). Яна захаплялася тэатрам і нейкі час грала як актрыса ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску. Як журналістка пісала на культурніцкія тэмы.

Таксама Паліна вядомая сваёй любоўю да жывёл — на яе старонках у сацсетках можна знайсці мноства аб’яў пра дапамогу бяздомным хвастатым. Па словах знаёмых, у Паліны ў самой дома жыў не адзін выратаваны кот, піша «Наша Ніва».

7 сакавіка Паліну пачынаюць судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Суддзя — Святлана Чарапанава.

Калі ў чэрвені 2024 года КДБ Беларусі абвясціў праект Media IQ экстрэмісцкім фармаваннем, то называў Піткевіч сярод яго ўдзельнікаў.

Журналістку Алену Прыходзьку абвясцілі ў вышук у Беларусі

Пра гэта яна распавяла @euroradio. Выява жанчыны з'явілася на стэндах «Іх шукае міліцыя». 

Прыходзьку абвінавачваюць у «стварэнні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Яна была старшынёй камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду.