У Беларусі плануюць увесці пакаранне за «прапаганду гомасексуальных адносін» і чайлдфры. Хронікі рэпрэсій 26 лютага

Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед 26 лютага падчас сумеснай нарады Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі нацыянальнага сходу. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі на сёння, 26 лютага.

1_1097.png

Як паведаміў Андрэй Швед, прадугледжваецца «ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, педафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей, а таксама ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці бацькоў за невыкананне абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей».

Андрэй Швед ужо неаднаразова выступаў з адыёзнымі прапановамі, якія потым увасабляліся ў жыццё. Напрыклад, па яго ініцыятыве ў Беларусі пачалі судзіць памерлых, у свой час Швед абураўся колькасцю гадзін англійскай мовы ў школах.

Глядзіце таксама

Гомельскі суд прызнаў сацсеткі армянскай блогеркі «экстрэмісцкімі»

Цяпер у Беларусі тэлеграм-старонка, акаўнты Instagram, Youtube, Фэйсбук і Аднакласнікі Розы Бабаханян з'яўляюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Так 24 лютага вырашыў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Нагадаем, 19 лютага блогерку судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП), а 24 лютага Розу Бабаханян вывезлі з Мінску ў Ерэван. У вызваленні Бабаханян удзельнічаў кіраўнік партыі «Квітнеючая Арменія » Гагік Царукян.

Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «by Zluki Bobry/Злюки Бобри», «Божа Справа», «Акультныя практыкi», «Zrobleny ū Miensku», «Беларусы Кипра», «Беларусы Анталии»;
  • Instagram старонкі «nesluchajno.bу», «vyboryvbelarusi2020», «rusdemsociety_serbia», «nexta_live_belarus»;
  • Фотаздымкі старонак у «Аднакласніках» «По Пиццот», «Галина Витковская»;
  • Старонка ў TikTok «Klim Zlobič 0.1», Lahvich», Osveta».

«Медыязону Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 26 лютага.

Паведамляецца, што такое рашэнне прынятае «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».

Андрэй Пачобут дзякуе за салідарнасць з беларускімі палітвязнямі

Журналіст і палітзняволены дзеяч польскай меншасці Андрэй Пачобут дзякуе ў лістах за салідарнасць з ім і памяць аб палітвязнях у Беларусі — заявіў у аўторак вечарам падчас чарговай акцыі салідарнасці ў Беластоку намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

Ён сказаў, што часам актывістам, і асабліва сям'і, удаецца атрымліваць лісты ад Пачобута. Марэк Занеўскі паведаміў, што ў іх Пачобут дзякуе ўсім за штомесячныя акцыі ў Беластоку.

«Анджэй хацеў бы ўсім падзякаваць за гэта, ён вельмі ўдзячны, што праз столькі гадоў нехта ўсё яшчэ памятае пра яго, нехта ўсё яшчэ выступае і кажа, што ён несправядліва знаходзіцца ў турме, як і тысячы іншых палітвязняў».

Пачобут у сваіх лістах піша таксама, што трэба памятаць і змагацца за кожнага палітвязня ў Беларусі, піша @byplradio.

У Беларусі +19 новых палітвязняў

Гэта Армэн Арзуманян, Сяргей Латушка, Наталля Васіленка, Уладзімір Шпак, Карына Праташчык, Уладзіслаў Кошалеў, Руслан Зубкоў, Максім Ермаловіч, Даніла Чыбісаў, Павел Лашчанка, Алена Елькіна, Антон Варабей, Андрэй Креэйдзіч, Глеб Жукаў, Дзмітрый Касцюк,Раман Раманаў, Уладзімір Марцінкевіч, Вячаслаў Курыльчык, Ігар Шуканаў.

Пачалі судзіць былога адміністратара суполкі «Мы за вялікую Беларусь»

Сяргею Паўлюкевічу 34 гады. Мужчына быў адміністратарам суполкі Укантакце «Мы за вялікую Беларусь» (больш за 120 тысяч падпісчыкаў, гэта была найбуйнейшая беларуская група) і сустрэчы «Марш мільёнаў».

Упершыню Паўлюкевіч засвяціўся ў медыя ў 2011 годзе. Адбылося гэта пасля Плошчы-2010, на якой яго затрымалі і прысудзілі 10 сутак арышту. Пазней яго затрымалі 1 ліпеня 2011 года, калі ў Беларусі ішлі «маўклівыя» акцыі пратэсту. Пасля затрымання і 15 сутак Сяргей выйшаў з-за кратаў і распавёў пра тое, што яго катаваў да завербаваў КДБ, але супрацоўнічаць ён не будзе.

Пасля гэтага ў медыя Паўлюкевіч не свяціўся. Мяркуючы па сацсетках, працаваў на «звычайных» працах — грузчыкам, майстрам і гэтак далей, піша «Наша Ніва».

Сяргея Паўлюкевіча пачалі судзіць 26 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах па «народным» артыкуле (ч. 1 арт. 342). Суддзя — Марыя Батвінка.

Пачалі судзіць работніка Мазырскага НПЗ, якога жорстка затрымліваў мінскі ГУБАЗіК

26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачаўся закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігарам Шуканавым.

Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымлівалі 1 жніўня 2024 года. Па яго з Мінска прыехалі губазікаўцы. Яго затрымалі проста на працоўным месцы. Затым заводскім аўтамабілем «УАЗ-Patriot» вывезлі за прахадную завода.

Недалёка ад аўтобуснага прыпынку, на паркоўцы каля галоўнай прахадной завода, дзе ў той час былі людзі, губазікаўцы зладзілі паказальнае збіццё Шуканава — выцягнулі з УАЗа, кінулі тварам на асфальт і, націснуўшы каленам на галаву, надзелі кайданкі, пісала (https://gomelspring.org/be/news/10834) «Гомельская Вясна».

Ксяндза Дзмітрыя Мальца, верагодна, затрымалі на мяжы пасля вяртання з камандзіроўкі

Каталіцкага святара Дзмітрыя Мальца, вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, верагодна, затрымалі 22 лютага падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі ў пункце Цярэспаль-Брэст, калі ён вяртаўся з замежнай паездкі — падчас праверкі мабільнага тэлефона.

Менавіта гэтым тлумачыцца, што суд у дачыненні да святара праходзіў у судзе Маскоўскага раёна Брэста — там разглядаюцца справы, звязаныя з парушэннямі, якія тычацца перасячэння дзяржаўнай мяжы на гэтым памежным пераходзе.

Мяркуючы па складзе правапарушэння (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) у мабільным тэлефоне ксяндза былі знойдзеныя падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Крыніца: @christianvision