«Генацыд беларускага ўрада адрозніваецца ад генацыду беларускага народа толькі маштабамі»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» піша пра тое, пра што казалі даўно: калі ў краіне не застаецца ўнутраных ворагаў (ці іх складана знайсці), гэтых «ворагаў» пачынаюць шукаць сярод «сваіх». І лёгка знаходзяць, канешне.

Карыкатура Гюндуза Агаева. Крыніца: sfg.media
Хтосьці аспрэчыў паклёп, што ён збіраецца прызначыць новы ўрад. Сказаў, што тыя, хто паклёпнічае, нічога не разумеюць у дзяржаўнай палітыцы. Таму што ён урад прызначае не пасля электаральнай кампаніі, а да яе. Таму ён прызначыў камісію па прызначэнні ўрада. Таму што ніякага ўрада яму прызначаць не трэба. Таму Камісія павінна падабраць яму прыдатныя кандыдатуры. Таму што ўсіх, каго хацеў, ён ужо прызначыў. Таму Камісія павінна разгледзець прэм'ера, віцэ-прэм'ераў, міністраў і асобных службовых асоб. Таму што сёй-той ніякага ўрада мяняць не збіраецца.
Калі ты раптам не зразумела, то гэта быў урок элементарнай логікі. Але не спрабуй паўтарыць сама ў хатніх умовах.
Але раз ужо ў нас зайшла такая размова, то хачу табе сказаць, што зменай урада, урад гэтым разам можа і не адкараскацца. Вось літаральна ўчора выступаў галоўны спецыяліст па генацыдзе беларускага народа генпракурор Швед.
Ну з генацыдам беларускага народа, як ты разумееш, усё ў парадку. Што яму зробіцца? Генацыдзяць памаленьку. А вось пракурор Швед нешта затужыў. Ну і слушна. Таму што пасля чатырох з паловай гадоў генацыду беларускага народа хочацца ў гэтым жыцці нейкай разнастайнасці. Таму спецыяліст па генацыдзе беларускага народа вырашыў заняцца раскраданнем народнай уласнасці.
Вось пару тыдняў таму сёй-той скардзіўся, што асобныя прыватныя ўласнікі дазваляюць сабе выводзіць за мяжу прыбытак, якую яны атрымалі ад сваёй уласнасці. Як быццам гэта іх уласны прыбытак. Як быццам яны гэты прыбытак самі зарабілі, а не сёй-той дазволіў ім зарабіць.
А мог жа і не дазволіць. Мог адразу ўсё адабраць. Але ён дазволіў. Таму і прыбытак цяпер павінен быць для дабра народнай гаспадаркі, а не для таго, каб выводзіць яго ў недружалюбныя краіны.
Праўда, беларускія ўлады пакуль так і не прыдумалі, што з гэтым рабіць. Затое генеральны пракурор Швед прыдумаў, хто ў гэтым вінаваты. Ці мог урад паставіць заслон? Можа быць. А ён не паставіў. І сотні мільёнаў долараў былі выведзеныя з краіны. А некаторыя — нават у недружалюбныя краіны.
І, пагадзіся, што за гэтыя сотні мільёнаў долараў хтосьці павінен адказаць. Таму спецыяліст па генацыдзе беларускага народа сказаў, што цяпер ён зоймецца ўрадам, які сёй-той не збіраецца мяняць. І будзе займацца аж да канкрэтных «службовых асоб» якія павінны былі «абараняць нашы эканамічныя інтарэсы».
А яны не абаранілі. І што ты будзеш цяпер з імі рабіць? Не адказвай. Гэта было рытарычнае пытанне. Спецыяліст па генацыдзе беларускага народа ўсё роўна ведае лепш за цябе. Таму што генацыд беларускага ўрада адрозніваецца ад генацыду беларускага народа толькі маштабамі.
Яшчэ, вядома, практычнай карысцю. Ну што ты можаш атрымаць ад генацыду беларускага народа акрамя глыбокага маральнага задавальнення? Маральным задавальненнем сыты не будзеш. А спецыялісты па генацыдзе беларускага народа таксама людзі. Яны таксама хочуць есці.
Пагадзіся, несправядліва, калі адны займаюцца генацыдам беларускага народа, а іншыя ў гэты час радуюцца жыццю. Таму радасці жыцця трэба ўзяць і падзяліць. І калі твая стабільнасць заснаваная на генацыдзе беларускага народа, то спецыялісты па генацыдзе становяцца ў гэтай стабільнасці галоўнымі.
Яны пачалі прыбіраць стабільнасць да рук адразу пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.