30 гадоў барацьбы з карупцыяй: генпракурор не верыць, што дзесьці не бяруць хабару
Добра, што ў свеце ёсць Дональд Трамп. Асабліва добра гэта для Аляксандра Лукашэнкі і ягонай кампаніі. Таму што, пакуль Трамп бударажыць увесь свет, можна злёгку адпачыць. Усё роўна за выхадкамі прэзідэнта ЗША будуць не вельмі бачныя заявы і дзеянні нашых чыноўнікаў.
Малюнак з culture.ru
Вось, напрыклад, генпракурор і галоўны змагар з генацыдам беларускага народа Андрэй Швед перад выступам у Палаце прадстаўнікоў заявіў, што не верыць, што ў Беларусі ёсць раёны, дзе не крадуць і не бяруць хабару.
«Барацьба з карупцыяй была, ёсць і будзе адным з прыярытэтаў нашай працы. І мы летась прымянілі новыя падыходы для выяўлення сістэмнай карупцыі. Гэтыя падыходы сябе апраўдалі, таму ў тым жа ключы далей будзем дзейнічаць. Але акрамя таго, што мы выяўляем сістэмную карупцыю ў шэрагу сфер, напрыклад, летась — прамысловасць, сельская гаспадарка, лясная галіна, сур'ёзная ўвага будзе таксама надавацца ў бягучым годзе тым раёнам, дзе гадамі не выяўляюцца факты карупцыі. Не веру, што ў пэўных раёнах, у нас такіх дзясяткі ў Беларусі, не крадуць, не бяруць хабару», — сказаў ён.
З гэтай выдатнай фразы можна зрабіць дзве высновы. Першая — сістэма грамадзяніна Шведа па-ранейшаму нацэленая на рэпрэсіі, і гэта цалкам сістэмны падыход, які тычыцца не толькі «палітычна нядобранадзейных» элементаў. У нармальных краінах праваахоўныя органы нацэлены на тое, каб папярэдзіць злачынствы, а не на тое, каб любым спосабам знайсці іх і пакараць вінаватых. Нават Лукашэнка калісьці казаў пра «папярэджанне» і адыход ад «палачна-галачнай» сістэмы працы сілавых структур. Швед дагэтуль не пачуў.
І другая — гэта, вядома, сама карупцыя. У 1994 годзе Лукашэнка прыйшоў да ўлады, абяцаючы выкараніць карупцыю. З тых часоў карупцыя была выкаранена — у Літве, у Польшчы, у Грузіі, але толькі не ў Беларусі. У Беларусі прайшло 30 гадоў, і генпракурор лічыць, што крадуць і хабары бяруць у кожным раёне краіны.
Што такое 30 гадоў? Гэта значыць, што людзі, якія ў момант першых прэзідэнцкіх выбараў былі моцна занятыя тым, каб нарадзіцца, за гэты час выраслі, адвучыліся ў школе, прайшлі ВНУ і войска, стварылі свае сем'і, нарадзілі дзяцей, некаторыя развяліся, некаторыя пабудавалі сваё жыллё, а некаторыя і з краіны з'ехалі і ўжо пабудавалі сваё жыллё ў іншай краіне. А абяцанні Лукашэнкі, са слоў Шведа, дагэтуль — не выкананыя.
Глядзіце таксама

Але не карупцыяй адзінай жывуць нашы чыноўнікі. У іх яшчэ і планы грандыёзныя. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў разлічвае восенню правесці трэцюю Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы.
Першая канферэнцыя прайшла ў 2023 годзе, і Рыжанкоў лічыць, што яна «пацвердзіла запыт на справядлівую, бяспечную і ўстойлівую архітэктуру міжнародных адносін». «Мы ўбачылі зацікаўленасць у развіцці дыялогу па аб'яднальным парадку дня, пошуку новых фарматаў узаемадзеяння ва ўсіх абсалютна краінах, у тым ліку і краінах Захаду. Я маю на ўвазе экспертаў, аналітыкаў, прадстаўнікоў навуковых колаў. У сувязі з гэтым па просьбе міжнародных экспертаў і шэрагу дзяржаў мы вырашылі працягваць выкарыстоўваць фармат Мінскай канферэнцыі ў якасці пляцоўкі для дыялогу», — сказаў ён.
У другой такой канферэнцыі, якая прайшла ў 2024 годзе, прынялі ўдзел каля 600 дэлегатаў з 45 краін. Як паведамляў сайт беларускага МЗС, у цэнтры іх увагі была «змена парадыгмы сусветнага парадку: ад монацэнтрызму да шматпалярнасці».
Ці назіраем мы цяпер гэтую змену парадыгмы? Ці бачым мы «шматпалярнасць», калі Трамп спрабуе дыктаваць сваю волю ўсяму свету? Вось ужо наўрад ці. І атрымліваецца, што ў выніку сама ідэя канферэнцыі была памылковая. А на гэтую канферэнцыю пад надуманай падставай была выкінута велізарная колькасць бюджэтных сродкаў. І нехта, вядома, пагрэў на ёй рукі. Чым не прыкмета карупцыі, пра якую казаў Швед?
Праўда, Рыжанкоў зрабіў яшчэ адну важную заяву. Ён сказаў, што Беларусь не будзе ўступаць у гонку ўзбраенняў.
Мы настолькі не будзем уступаць у гонку ўзбраенняў, што ўжо цяпер Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі (СЖБ)паведамляе, што ў краіне фармуюцца эшалоны для перакідання вайскоўцаў і тэхнікі. «Прычым, улічваючы колькасць планаванага да задзейнічання рухомага складу, меркаваныя воінскія перавозкі могуць мець даволі вялікі маштаб», — лічыць СЖБ.
З 3 лютага ў Беларусі праводзіцца праверка баявой гатоўнасці. У гэтай сувязі для перавозкі вайскоўцаў і тэхнікі ўжо задзейнічана некаторая колькасць чыгуначных саставаў. СЖБ мяркуе, што прыкладныя колькасць сфармаваных эшалонаў можа складаць да 16 штук. У стандартны эшалон у сярэднім уваходзіць 2-3 пасажырскіх вагона, 10-20 платформаў для вайсковай тэхнікі, 3-5 крытых вагонаў для грузаў і боепрыпасаў, 1-3 вагона для камандавання, кухні, медыцынскай службы.
І гэта адбываецца на фоне размоваў Захаду, што рана ці позна Расія нападзе на краіны NATO.
Таму не дзіўна, што суседзі адказваюць тым жа. Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што з 1 жніўня 2025 года мяжу з Беларуссю ў рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша» будзе абараняць нядаўна створаная 16-я механізаваная брыгада Войска Польскага.
Рашэнне аб стварэнні новай 16-й механізаванай брыгады ў складзе 16-й механізаванай дывізіі было прынята вясной мінулага года. Менш чым за год у яе склад увайшлі больш за 600 тысяч вайскоўцаў.
Будзем спадзявацца, што прымаўка пра стрэльбу на сцяне — не на гэты выпадак.