Труну неслі на руках, міліцыя здымала на камеру. Як пахавалі Алеся Пушкіна
На пахаванне вядомага мастака Алеся Пушкіна, які сканаў у няволі ўночы на 11 ліпеня, сабраліся каля 100 чалавек, піша «Наша Ніва». З палітвязнем развіталіся ў яго роднай вёсцы Бобр Крупскага раёна.
Сярод тых, хто прыйшоў развітацца, былі і мясцовыя жыхары з
вёскі Бобр, якія ведалі Алеся з маленства, і тыя, хто прыехаў адмыслова з
розных куткоў Беларусі. Праводзіць бацьку ў апошні шлях сабраліся і ўсё чацвёра
дзяцей Алеся Пушкіна — тры дачкі і сын Мікалай.
Сям'я вырашыла, што Алесь пакіне гэты свет у вышыванцы, а ў труну паклалі яго знакаміты карычневы капялюш — галаўны ўбор, у якім мастака можна часта ўбачыць на фотаздымках.
Спачатку развітанне прайшло каля хаты, дзе самотнай гаспадыняй засталася ўдава Пушкіна Яніна. Потым труну на руках аднеслі ў царкву. Адпяванне адбылося ў мясцовым праваслаўным храме, адноўленым пасля пажару ў 2011 годзе. Падчас таго пажару згарэла драўляная царква, дзе ў 1996 годзе Алесь Пушкін зрабіў манументальныя роспісы сцен. У выявах эпізоду Суднага дня па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. У выявах грэшнікаў многія бачылі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і Мітрапалітам Філарэтам.
Прысутныя на пахаванні мастака адзначаюць, што за хадой жалобнай імпрэзы назірала міліцыя. Што праўда, да людзей супрацоўнікі не падыходзілі, ніякіх заўвагаў не рабілі. Але час ад часу нешта здымалі на відэакамеру з машыны.
Мастак Алесь Пушкін памёр у зняволенні 11 ліпеня. Яму было 57 гадоў.
Палітвязень паступіў у шпіталь хуткай дапамогі ў Гродна ў непрытомным стане ў ноч на 11 ліпеня.
Як расказаў «Свабодзе» доктар прыродазнаўчых навук, сябар Алеся Пушкіна Янак Коўзель, прычына смерці Алеся Пушкіна пакуль невядомая. Ні вусна, ні пісьмова адказныя ўстановы (гродзенская турма і шпіталь хуткай дапамогі ў Гродна) не паведамілі гэтай інфармацыі блізкім.
Патолагаанатамічнае даследаванне цела Пушкіна меліся рабіць 12 ліпеня апоўдні, але правялі яго раней — у ноч на 12 ліпеня. Чаму так зрабілі, невядома. У пратаколе ўскрыцця напісана, што прычына смерці невядомая, расказаў Свабодзе Коўзель.
— Яму рабілі тэрміновую апэрацыю, але вядома, што шанцаў было няшмат. Яна амаль нічога не вырашала. Падчас аперацыі ў яго спынялася сэрца. Яго рэанімавалі (і сэрца запрацавала). Потым сэрца зноў спынілася, і ўратаваць яго не змаглі, — расказаў Янак Коўзель.
Паводле яго інфармацыі, Алесь Пушкін памёр прыкладна апоўдні 11 ліпеня.
Раней паведамлялася, што палітвязень паступіў у гродзенскі шпіталь з запаленнем брушной поласці і сепсісам, выкліканымі прабадной язвай, і яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме.
Алесь Пушкін быў асуджаны да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму. Мастака затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна супрацоўнікамі МУС.
Пушкін — фігурант крымінальнай справы аб «рэабілітацыі нацызму». Нагодай стаў зроблены ім партрэт Аўгена Жыхара — байца антысавецкага пасляваеннага супраціву.
Мастака Алеся Пушкіна пасмяротна ўзнагародзілі медалём
«Гонар і Годнасць».