«За кратамі адбываецца нешта жахлівае. І гэта носіць сістэматычны характар»

Смерць аднаго палітвязня можа быць выпадковасцю, а смерць некалькіх — ужо тэндэнцыя. Пра што яна сведчыць? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам. 

ПК №13 у горадзе Глыбокае. Ілюстрацыйная выява

ПК №13 у горадзе Глыбокае. Ілюстрацыйная выява

— Гэта сапраўды тэндэнцыя, якая сведчыць пра тое, што ў дачыненні да палітзняволеных фактычна ўсё дазволена, нікога не цікавіць, што з імі стане. Ёсць выразная розніца паміж сённяшнім лукашэнкаўскім рэжымам і брэжнеўскім Савецкім Саюзам: там таксама хапала палітзняволеных, пра іх пісаў замежны друк. А Савецкі Саюз дакладна ведаў, што палітзняволеныя могуць стаць для яго праблемай: калі з імі нешта здарыцца, пра іх абавязкова будзе пісаць сусветная прэса. Розгалас мог негатыўна паўплываць на імідж Савецкага Саюза. Таму ў СССР сачылі, каб з палітвязнямі нічога дрэннага не здарылася, асабліва з тымі, за кім пільнуюць на Захадзе. Умовы ўтрымання маглі быць дрэнныя, але ўсе яны мусілі выжыць. Смерці палітычных адбываліся і ў Савецкім Саюзе, але такія рэчы былі непажаданымі.

Зараз відавочна гэтага няма. Чалавек знаходзіцца ў турме ў вельмі дрэнных умовах і пры гэтым не атрымлівае ніякай дапамогі. Версію пра тое, што Алесь Пушкін хварэў, а яму не аказалі медыцынскай дапамогі, можна сабе ўявіць. Не думаю, што былі загады з Мінска адносна канкрэтных асоб. Пушкін — пры ўсёй павазе да яго — да галоўных ворагаў рэжыму не адносіўся, не думаю, што з Мінска адмыслова загадалі стварыць яму асабліва невыносныя ўмовы. Хутчэй, рашэнне прымалася на мясцовым узроўні. Дапускаю, што будзе нават нейкае расследаванне, магчыма, нехта нават будзе пакараны, але не зараз, а тады, калі сітуацыя ўляжацца. Створана інфармацыйная нагода, якая Лукашэнку зусім не патрэбна. Але тое, што за кратамі адбываецца нешта жахлівае, абсалютна відавочна, і гэтае нешта носіць сістэматычны характар. Калі мы бачым гісторыю з Пушкіным, мы разумеем усю жахлівасць чутак вакол Бабарыкі, вакол іншых знакавых палітвязняў. Увесь жах, пра які мы гаворым, можа насамрэч адбывацца ў беларускіх турмах.


Глядзіце таксама

А рэакцыя рэжыму традыцыйная — пакуль трэба перасядзець. З аднаго боку, нам імкнуцца паказаць гэтую трагедыю як звычайную гісторыю: чалавек памёр падчас аперацыі — такое здараецца. Паралельна спрабуюць ганебным чынам дыскрэдытаваць Пушкіна. Але галоўная задача цяпер — перачакаць шуміху: Пушкін не сусветна вядомы дзеяч. Той жа сцэнарый яны выкарыстоўвалі пасля смерці Вітольда Ашурка: таксама вырашылі перасядзець. І перасядзелі: ніхто з высокіх дзяржаўных чыноў на гэты конт не выказаўся. Але нават калі пра смерць Пушкіна наўпрост запытаюць у Лукашэнкі (бліжэйшым часам прэс-канферэнцый для замежных журналістаў не плануецца), ён зробіць здзіўлены выгляд і скажа: а хто гэта? 

— Усе разумеюць, што Алеся Пушкіна фактычна забілі, не аказаўшы яму медыцынскай дапамогі. У выніку нехта панясе за гэта адказнасць?

— Я не думаю, што наконт Алеся Пушкіна паступалі канкрэтныя загады. Думаю, з Мінска на месцы паступае інфармацыя пра тое, хто палітычны, хто не. Наўрад ці нехта аддае прамыя загады не аказваць медыцынскай дапамогі канкрэтным палітвязням. Проста так функцыянуюць беларускія турмы: былыя зняволеныя распавядаюць пра абсалютна жахлівыя ўмовы, свавольства адміністрацыі. Інстытуцыянальна створаны такія ўмовы, у якіх падобныя трагедыі непазбежныя. Думаю, калі нават Пушкін і звяртаўся па медыцынскую дапамогу, яе неатрыманне можа быць і не звязана з ягоным статусам палітвязня — гэта можа быць звязана з тым, што так працуе (хутчэй, не працуе) турэмная сістэма.

Думаю, рэжым будзе разбірацца ў сітуацыі. Але ў іх праблема: калі некага звольняць (начальніка гродзенскай турмы ці ўрача), то гэтае рашэнне пацвердзіць іх віну. Таму калі нейкія рашэнні і будуць прымацца, то не зараз, а праз нейкі час — калі ўляжацца шуміха.


Глядзіце таксама

Невідавочна, што ў гэтага рэжыму ўзнікнуць нейкія праблемы. Хутчэй за ўсё, праблем увогуле не будзе, бо замежныя палітыкі выказалі заклапочанасць трагедыяй з Пушкіным, але што акрамя заклапочанасці? Відавочна, што праз смерць Пушкіна дадатковыя санкцыі ўводзіцца не будуць. Так што ў гэтым сэнсе ў Лукашэнкі праблем не дадасца. Але яму непрыемна, што зараз будуць казаць, што ў беларускіх турмах гінуць палітвязні. Я думаю, што гэтую трагедыю ён можа спакойна перасядзець, тым больш што зараз перыяд адпачынкаў, а людзей ужо адвадзілі ад палітыкі. Трэба сказаць, што ўзровень палітызацыі беларускага грамадства цяпер і ў 21-м годзе, калі загінуў Ашурак, — зусім розны. Так, у сацсетках знаёмыя Пушкіна, інтэлектуальная супольнасць абураецца, але гэта толькі маленькая частка грамадства. Большасць відавочна не ведала Пушкіна, магчыма, гэтая трагедыя нават не асабліва яе закранула. Вось такая сумная гісторыя...