Зміцер Дашкевіч пераведзены ў СІЗА ў Жодзіна: яго можна падтрымаць пераводамі і бандэролькамі
Палітзняволены Зміцер Дашкевіч учора не выйшаў на волю, а сёння стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА ў Жодзіна.
Учора стала вядома, што Змітра не выпусцілі з-за кратаў, а завялі на яго новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 411 КК).
Пра перавод Змітра ў СІЗА ў Жодзіна Наста Дашкевіч напісала на сваёй старонцы ў сацсетках: “Я не ведаю, навошта яшчэ ўсе гэтыя прыгоды. Навошта пазбаўляць чатырох дзяцей таты. Мы ціха адседзелі свой цяжкі тэрмін, спаўна сплацілі сваё. І аддалі нават болей, чым маглі”, — адзначыла Наста.
Яна прывяла ўрывак з ліста Змітра на волю:
"У нейкі час я пачаў успрымаць каханне як належнае і тое, што само сабою мае быць. А яно не належнае — гэта падарунак Неба, святы дар, які трэба берагчы і шанаваць. І яно не само сабою мае быць — каханне трэба ачышчаць ад пустазелля, зерне кахання трэба збіраць ашчадна, правейваць і рабіць муку, каб шторанак пячы з яе булачку для сваёй каханай!
І вось я тут — у гэтым жаху. І згарэла ўсё пустазелле, і камяні нават палопаліся ад пекла, якое я праходжу, і сталіся пылам, а зерне кахання ўзыходзіць, і каласуе, і хутка дасць плод стакроць.
І я спяку табе, і вам багата смачных булачак, якія будуць таяць у вуснах вашых! Я буду пекчы іх вам кожны ранак".
Змітра Дашкевіча можна падтрымаць лістамі, грашовымі пераводамі і бандэролькамі. Іх можна дасылаць на адрас: г. Жодзіна, вул. Савецкая 22А, Турма N8, 222160