Алеся Пушкіна, якога сёння хаваюць у Бабры, пасмяротна ўганаравалі медалём

Медалём «Гонар і годнасць» ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі. Раней такую ўзнагароду атрымлівалі сваякі загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў.

1_ales_pushkin_14.jpg

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі выдаў пастанову аб пасмяротным узнагароджанні мастака і палітвязня Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць». 

Такой узнагародай ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі, паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.

photo_2023_07_13_12_57_56.jpg

У пастанове адзначаецца, што Алесь Мікалаевіч Пушкін — вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, выбітны беларускі патрыёт з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, чалавек няскоранага духу, які «ўсё сваё жыццё аддаў Радзіме і беларускай мове» і які «страціў жыццё, будучы закладнікам рэжыму падчас зняволення ў турме».

Пастанова была падпісана беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 12 ліпеня.

Раней такую ўзнагароду атрымлівалі сваякі загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў.

Сёння, 13 ліпеня, з Алесем Пушкіным развітваюцца ў вёсцы Бобр, дзе ён жыў. Пахаваюць яго на мясцовых могілках.

ales_puszkin___truna.jpg

Труну з целам мастака прывезлі ў вёску Бобр сёння раніцай. Алеся Пушкіна хаваюць у вышыванцы. У труну яму паклалі яго капялюш.

Глядзіце таксама

Нагадаем, Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі ў ноч на 11 ліпеня, яму было 57 гадоў. У мастака засталося чацвёра дзяцей.