Хронікі рэпрэсій. Паліну Шарэнду-Панасюк звезлі з «Навінак», Пратасевіч і Сапега больше не «тэрарысты»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 13 ліпеня.
Псіхіятрычная экспертыза над Палінай Шарэндай-Панасюк не
адбылася. Як стала вядома родным палітзняволенай,
у Рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя «Навінкі» яна адмовілася ад
экспертызы — не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама
адмовілася здаваць любыя віды аналізаў.
У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на «Валадарку» і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 яе адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы.
Там над ёю «вісіць» новая крымінальная справа па тым жа арт. 411 КК — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, са справай спяшаюцца, бо 6 жніўня сканчваецца тэрмін зняволення Паліны.
Гомельскі абласны суд 10 чэрвеня да 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзіў 22-гадовага жыхара Светлагорска Максіма Драбніцу. Негледзячы на тое, што працэс праходзіў у закрытым рэжыме, у судзе раскрылі дзяржаўнаму выданню «Гомельская праўда» акалічнасці справы.
Максіма прызналі вінаватым у тым, што ён уступіў у «экстрэмісцкае фармаванне» план «Перамога» і нібыта планаваў падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне.
Дзяржаўнае выданне піша, што, каб спыніць вайну ва Украіне, Драбніца «быў гатовы на ўсё». Калі ж хлопец прыехаў да чыгункі, то трапіў там у засаду сілавікоў і быў затрыманы.
Жыхару Докшыцаў Віктару Сіўцэвічу прызначылі 10 сутак за «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю».
20 чэрвеня ў судзе Докшыцкага раёну разбіралі справу мясцовага рамесніка, у якога на старонцы ў «Аднакласніках» міліцыянты заўважылі «лагатып тэлеканала «Б», а таксама рэпост з інтэрнэт-рэсурса, таксама прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Суддзя Вячаслаў Елісеенка пакараў Віктара арыштам на 10 сутак.
Сіўцэвіч быў затрыманы напярэдадні суда, у Докшыцкім РАУС правялі агляд ягонага тэлефона і выявілі так званыя «экстрэмісцкія матэрыялы».
За каментары пра расійскіх вайскоўцаў затрыманы жыхар Ваўкавыска Віктар Баркет. На змантаваным лукашэнкаўскімі
сілавікамі відэа мужчына гаворыць, што быў затрыманы за абразу ў тэлеграме расійскіх
вайскоўцаў, якія «служаць ва Украіне», абразу кіраўніка аблвыканкама і
гродзенскага ваенкама.
Суд над былым выкладчыкам БДУІР палітвязнем Мікалаем Баньковым распачнецца 24 ліпеня.
Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Ён быў затрыманы 18 студзеня 2023 года. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.
Мікалаю прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за данаты. Справу Мікалая пачнуць разглядаць 24 ліпеня ў Мінгарсудзе. Працэс будзе весці суддзя Святланы Бандарэнка.
Палітвязня Алега Яфрэменку 25 ліпеня пачнуць судзіць па
трэцяй крымінальнай справе.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня палітвязню прысудзілі ў дадатак да 4,5 года калоніі яшчэ год у зняволенні. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым.
З 18 лістапада Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час цісне на Алега. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК. У Горках 25 ліпеня над палітвязнем распачнецца суд.
У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме 14 ліпеня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча. Рашэнне будзе прымаць суддзя Эдгар Марцірасян.
У Мінгарсудзе 10 красавіка агучылі прысуд адвакату — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Адваката абвінавацілі ў «пасобніцтве ў закліках да санкцый» спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК), і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю «экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу» Tribuna.cоm.
Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.
Сярод іх Таццяна Курыліна, якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў» і была асуджаная да 4,5 года калоніі, фігуранты справы Каардынацыйнай рады Марыя Мароз, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі, спартовец і блогер Іван Котаў, інжынер «Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетках» Уладзіслаў Купрыянаў, дырэктар газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых, а таксама Вадзім Саскавец і Аляксей Прохараў.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1080 чалавекі, з іх 330 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1089 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Пры гэтым, як
стала вядома, КДБ выключыў з
тэрарыстычнага спісу Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу, якіх раней памілаваў
Лукашэнка.
Палітзняволены
байкер Андрэй Іванюшын выйшаў на волю.
Андрэя абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Інцыдэнт адбыўся 19 верасня 2020 г. каля ГЦ «Еўропа», калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. 1 лютага 2021 года ў межах крымінальнай справы Андрэй Іванюшын быў узяты пад варту. Ужо 26 лютага 2021 года Іванюшына асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.
Стала вядома, што 2 чэрвеня Андрэй выйшаў на волю са
шклоўскай калоніі № 17, цалкам адбыўшы тэрмін. У зняволенні ён адбыў 2 гады, 4
месяцы і 1 дзень.