Трагічна загінуў удзельнік «Майстроўні» прафесар Ігар Міклашэвіч
3 ліпеня, на наступны дзень свайго 50-годдзя, трагічным чынам загінуў былы майстровец, прафесар, пісьменнік Ігар Міклашэвіч.
Ігар быў доктарам навук, прафесарам, загадчыкам лабараторыі ў Тэхнічным універсітэце, пісьменнік (псеўданім Стах Дзедзіч). Са сваёй жонкай Рытай Гвоздзік пазнаёміліся трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні. У Ігара застаўся сын Стах, які стаў менеджэрам, і дачка Яважына — дызайнарка моды.
Паплечнік Вінцук Вячорка ўзгадвае Ігара Міклашэвіча:
«Гэта неверагодна, і так скажуць усе, хто ведаў Ігара. Што за праклён на нас накладзены, чаму зноў мы мусім казаць пра паплечнікаў у мінулым часе?!
Энэргічны, фізік з адукацыі, Ігар унёс калісці сваю энэргію ў беларускі майстроўскі рух: інтэлектуальную і фізічную. Паслядоўны нацыянальны рамантык — пісьменнік Стах Дзедзіч — і ў той жа час грунтоўны беларус, укарэнены ў рэальнасць і таму здольны змяняць яе вакол сябе: беларускамоўны прафесар Тэхнічнага ўніверсітэту... А сям’я! Беларуская і беларускамоўная сям’я, дзе шчасліва адбыліся і бацькі, і дзеці... Дай Божа вытрываць гэты нечуваны ўдар і найглыбейшыя спачуванні жонцы Рыце, дзецям Стаху і Яважыне...»
Развітаньне адбудзецца заўтра ў Мінску а 13 гадзіне па адрасе Ракасоўскага 55, дзе Ігар Міклашэвіч жыў. Пахаванне на могілках у Мінскім раёне, каля Сёмкавага Гарадка.