Тадэвуш Кандрусевіч пра сітуацыю ў Курапатах: Я моцна ўзрушаны, што здымаюць крыжы
Знішчэнне курапацкіх крыжоў выклікала розгалас у Беларусі і за яе межамі. Сваё абурэнне гэтым перадусім выказваюць прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць гэта знявагай крыжа, пра якую нельга маўчаць, сказаў ён у інтэрв'ю «Радыё Рацыя».
«Я зараз знаходжуся ў Беластоку пасля цяжкай аперацыі, на лячэнні. Аднак, вядома, сачу за падзеямі. Я моцна ўзрушаны, што здымаюць крыжы. Напэўна ёсць шмат апанентаў, асвечаныя яны ці не асвечаныя. Не ў гэтым справа. Крыж застаецца крыжом, нават, калі яго намаляваць на сцяне. Тым больш у такім месцы, дзе так шмат людзей загінула. І тым больш, што гэта адбылося падчас Посту. Я паважаю Праваслаўную царкву. У іх таксама Тыдзень праслаўлення крыжа. Напэўна, там трэба рабіць парадак. Гэта трэба было зрабіць даўным-даўно, але ёсць як ёсць. Магчыма трэба было гэтыя крыжы часова зняць, каб пасля іх паставіць. Мы таксама так робім, але перад гэтым кажам людзям, што так будзе. І тут трэба было, і я ўпэўнены ў гэтым, заклікаць прадстаўнікоў усіх канфесій, не будзем глядзець – католік, праваслаўны, габрэй, веруючы, няверуючы, каб не было гэтага сацыяльнага выбуху. Ён адбыўся. А трэба было растлумачыць людзям. І вядома, я не мог маўчаць, бо знявага крыжа адбываецца. Тым больш у такім месцы і ў такі час! Я не ведаю, хто такія каманды дае. Гэта час Вялікага Посту. У галаве проста не ўкладваецца. Усё гэта можна было зрабіць цывілізавана. Не ведаю, калі вярнуся, магчыма нейкія размовы будуць з уладамі. Гэтая праблема не патрэбна ні нашай дзяржаве, ні нашаму грамадству, ні нашаму касцёлу і царкве», — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.
«Гэтыя крыжы, якія знялі ў Курапатах, яны таксама паказваюць уверх. На Крыж трэба глядзець, як на знак збаўлення, знак надзеі. Мы ведаем з чаго складаецца крыж – з дзвюх частак. Адна частка вертыкальная, другая частка гарызантальная. Гарызантальная прадстаўляе чалавека – грэшнага чалавека. Калі няма вертыкальнай, то закон Ньютана дзейнічае паўсюль – падае ўніз. Падае ў гэта балота граху і застанецца там, таму патрэбная гэтая вертыкальная. Гэты крыж прыпамінае кожнаму чалавеку, што штосьці ёсць. Чаго ж баяцца крыжа? Я не ведаю», — сказаў кіраўнік беларускага Касцёла.
Паводле racyja.com