Свіная чума вярнулася?

У адной з вёсак Жлобінскага раёна ўлады аддалі загад знішчыць усіх свіней праз падазрэнне на свіную чуму.



parasia.jpg

Для гэтага ў вёску Праскурні, што ў Жлобінскім раёне, прыбыла цэлая дэлегацыя з мясцовых чыноўнікаў і ветэрынараў.
На пад'ездах да вёскі цяпер дзяжураць міліцэйскія блокпосты. «Акупацыю зрабілі, у вёсцы перапалох», — распавядае жыхар вёскі. «Папярэдзілі, маўляў, ці забівайце самі, ці будзем прыходзіць і ўсыпляць. Сказалі, чума нейкая афрыканская, або што яны там сказалі» — падзялілася іншая жыхарка.
Са слоў жыхароў вёскі, смяротны для свіней вірус знайшлі ў гаспадарцы мясцовага фермера. Ён гадаваў больш за сотню жывёл, цяпер жа яны ўсе, як кажуць, пайшлі пад нож. «Катлаван капалі, агароджвалі яго і выпальвалі. Дровы туды кідалі, палілі ўсіх. А потым, магчыма, закопвалі», — удакладніла Ганна, жыхарка Праскурні.
Мясцовы жыхар Уладзімір гадаваў 8 свіней. За два дні забіў усіх, але здаваць мяса дзяржаве гаспадар адмаўляецца з той прычыны, што грошы прапануюць смешныя: «17 тысяч за кілаграм. Што такое 17 тысяч за кілаграм жывой вагі? Свіння, у сярэднім, важыць 140-150 кг — гэта 2 мільёны за ўсё. Цяпер каб купіць парася трэба 1,5 мільёна».
Знішчэнне свіней у Праскурні — не першы выпадак у Беларусі ў гэтым годзе. Месяц таму такія ж захады зрабілі ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, выпадкі паморку жывёл у гэтым годзе зафіксавалі ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай, а таксама ў Шчучынскім і Астравецкім раёнах Гарадзенскай вобласці. І гэта толькі тыя выпадкі, якія сталі вядомыя СМІ. Аднак, згодна з афіцыйнымі заявамі, афрыканскай чумы свіней у краіне няма.
belsat.eu