Судаленка: У мяне ёсць сілы скончыць гэтыя курсы павышэння кваліфікацыі на выдатна і выйсці яшчэ мацнейшым
У пятніцу ўвечары, 19 лютага, прыйшоў ліст ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Мы з радасцю даведаліся, што Леанід атрымлівае і чытае «Новы Час».
«Калі мне прынеслі тут з бібліятэкі першы раз «Новы Час», я палічыў гэта памылкай… Калі другі ды яшчэ з пазнакай майго прозвішча і нумара камеры №3, я зразумеў:) Па-першае, дзякуй Вам вялікі за салідарнасць! Дзякуй за газету. Бадай адзіны праменьчык Свабоды ў гэтым цёмным Каралеўстве Хлусні…», — піша Леанід Судаленка.
«Канешне, я не самы вядомы «сядзелец», таму што сядзяць і Бабарыка, і той жа Сяргей, які разбудзіў беларусаў, ды шмат іншых годных людзей. Але я згодны — кожны з нас патрыёт сваёй краіны і мы павінны як мага хутчэй быць на Волі!
Хачу сказаць, чым бы мая справа не скончылась, які б прысуд не агучыў чалавек у мантыі суддзі, я ўсё роўна буду шчаслівы — таму што маё сумленне чыстае, мне няма аб чым шкадаваць. Я дапамагаў людзям і стаў народным адвакатам, разам з людзьмі робім наш свет крышачку лепшым.
Лічу, што ў мяне ёсць сілы скончыць гэтыя курсы павышэння кваліфікацыі на выдатна і выйсці яшчэ мацнейшым.
Мяне падтрымлівае шмат людзей, пішуць багата ў тым ліку і незнаёмыя людзі, мяне падтрымлівае мая сям’я, мае тры сыны, якім мне не сорамна глядзець у вочы — хіба гэта не шчасце? Хіба аб гэтым ці пра гэта можа сказаць той, хто кінуў мяне ў турму за краты? Наша сіла ў праўдзе, а значыць з намі Бог. А калі так, то і перамога не за гарамі… З павагай, Леанід Судаленка. 13.02.2021»
Адрас для лістоў: Леаніду Судаленку: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.