Суд прызнаў экстрэмісцкім інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай
Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай баранавіцкай незалежнай газеце «Intex-press».
Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызналі відэа, а таксама электронную і тэкставыя версіі інтэрв’ю, якія былі размешчаныя ў газеце і на сайце выдання, паведамляе TUT.BY са спасылкай на Генпракуратуру.
Копію пастановы накіравалі ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс, а таксама для абмежавання доступу да сайта «за парушэнне парадку выкарыстання рэсурсу і размяшчэння на ім інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае заканадаўствам».
Нагадаем, раней суд у Баранавічах аштрафаваў галоўнага рэдактара і ўладальніка сайта «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча на 20 базавых велічынь (580 рублёў) за электронную і відэаверсіі інтэрв’ю з экс-кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Святланай Ціханоўскай. Яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ — ч. 5 арт 23.5 КаАП: «Распаўсюджванне уладальнікам інтэрнэт-рэсурса, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі».
Міліцыя таксама пачала адміністрацыйны працэс у дачыненні да юрасобы «Выдавецкі дом “Інтэкс-Прэс”» за друкаваную версію інтэрв’ю з Ціханоўскай па ч. 4 арт. 23.5 («Распаўсюджванне сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена»). Тут пагражае да 200 базавых (5800 рублёў) штрафу для юрыдычнай асобы. Гэты матэрыял будзе разглядаць Эканамічны суд Брэсцкай вобласці. Пасяджэнне адбудзецца ў пачатку траўня.
Акрамя таго, у міліцыі паведамілі, што па факце публікацыі праводзіцца праверка па арт.361 КК РБ («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
28 красавіка стала вядома, што буйныя гандлёвыя сеткі ў Баранавічах адмаўляюцца прадаваць незалежную газету «Intex-press», а «Белпошта» не ўключыла выданне ў падпісны каталог.