Суд адмовіў звольненым удзельнікам страйку на «Беларуськаліі» ў аднаўленні на працы
Суд Салігорскага раёна разгледзеў грамадзянскія справы па пазовах прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза да ААТ «Беларуськалій», перадае Радыё Свабода.
Пазовы аб аднаўленні на працы, спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і кампенсацыі маральнай шкоды падалі ў інтарэсах трох сябраў прафсаюза, якія прынялі ўдзел у страйку на «Беларуськаліі» ў жніўні-верасні 2020 года, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Паводле Генпракуратуры, загадамі наймальніка электраслесара П., электрамеханіка Ч. і электрагазазваршчыка Ш. другога рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» звольнілі за прагулы ў жніўні-верасні 2020 года без уважлівых прычын (на падставе абзаца 2 п.7 арт. 42 Працоўнага кодэксу Беларусі). Яны не выйшлі на працу, бо ўдзельнічалі ў страйку, іншых звестак і дакументаў, якія пацвярджаюць уважлівасць прычын адсутнасці на працы, пазоўнікі суду не падалі.
Як вызначыў суд, забастоўку праводзілі «з відавочнымі парушэннямі працоўнага заканадаўства», а патрабаванні работнікаў насілі выключна палітычны характар і не былі звязаныя з вырашэннем калектыўнай працоўнай спрэчкі.
Паводле суда, наймальнік ужыў дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе звальнення дакладна. Суд адмовіў у задавальненні пазоваў.
Да страйку на «Беларуськаліі» далучыліся агулам ужо каля сотні супрацоўнікаў, палову з іх звольнілі.