Стынг заклікаў беларусаў пазбавіцца ад смяротнага пакарання
Брытанскі спявак запісаў відэазварот да беларускага народу, у якім заклікаў пазбавіцца ад смяротнага пакарання.
У панядзелак спявак выступаў у Мінску.
Сёння ў Твітар-профілі Амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі быў змешчаны відэазварот. У ім спявак кажа, што быў рады прыехаць у Мінск і выступіць перад цудоўнай публікай. Але Стынг прызнаўся, што азмрочаны тым, што Беларусь — гэта адзіная краіна Еўропы, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне.
«Смяротнае пакаранне парушае адно з асноўных правоў чалавека — права на жыццё. Смяротнаму пакаранню няма месца ў сучасным цывілізаваным свеце. Яно нават не з’яўляецца эфектыўным фактарам, які стрымлівае злачынствы. Я веру, што свет павінен быць вольным ад смяротнага пакарання. І мы можам сказаць „не“ смяротнаму пакаранню. І вы гэта можаце. Калі ласка, пазбаўцеся ад яго», — гаворыць Стынг у відэазвароце да беларускага народу.