Студэнтка выйшла з БРСМ. Дэканат супраціўляўся

У лістападзе студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананні. Сёння яна знайшла ў паштовай скрыні ліст з рашэннем пярвічнай арганізацыі, паведамляе Радыё Свабода.

2013_02_20_162559.jpg

Аўдыёзапіс размовы студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, як мяркуецца, з дэканам улікова-эканамічнага факультэту Ўладзімерам Беразоўскім апублікаваў грамадзкі актывіст Крысціян Шынкевіч. На аўдыё чуваць, як дэкан не ўхваляе намеру студэнткі выйсці з шэрагаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.


Заяву аб выхадзе з БРСМ у факультэцкай разглядаць адмовіліся. І параілі звярнуцца да намесніка дэкана ці самога дэкана. Студэнтка пайшла з заявай да намесніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.
15-га лістапада дэкан факультэту Ўладзімер Беразоўскі прасіў дзяўчыну падумаць, застацца, прасіў не ганьбіць яго і ў выніку параіў прыйсці пазней, каб ён меў час падумаць.
На наступны дзень дзяўчына напісала афіцыйную заяву аб выхадзе з арганізацыі. Рашэнне аб яе выключэнні з БРСМ было прынятае яшчэ 29 лістапада, але азнаёміцца з лістом асабіста студэнтка змагла толькі днямі. Да 17 снежня яе абавязалі здаць білет чальца БРСМ і значок, але гэты тэрмін ужо перакрочаны. Ці будуць у сувязі з гэтым прынятыя нейкія санкцыі супраць студэнткі, пакуль невядома.


Як выйсці з БРСМ

Працэдура прыёму ў сябры і выхаду з БРСМ прапісаная статутам аб’яднання. Сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае:- па ўласным жаданні шляхам падачы пісьмовай заявы ў пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ»;
- за грубае парушэнне статуту, сістэматычны няўдзел у працы аб’яднання альбо за дзеянні, якія няславяць дзелавую рэпутацыю і наносяць шкоду цэласнасьці ГА «БРСМ».

Пытанне аб выключэнні вырашаецца агульным сходам або выбарным органам пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таксама гэта можа быць зроблена вышэйшым кіроўным органам. Нідзе не згадваецца, што расчараванаму ў мэтах і задачах праўладнага саюзу могуць чыніць перашкоды.​