Студэнты Гданьску падпісаліся за вызваленне Каваленкі

Беларускія студэнты, якія вучацца ў Гданьску (Польшча) па праграме Кастуся Каліноўскага (праграма падтрымкі рэпрэсаваных), спрабавалі перадаць лісты з подпісамі ў абарону Сяргея Каваленкі ў беларускае консульства. 250 подпісаў сярод студэнтаў Гданьскага ўніверсітэта сабралі за тры дні. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў генеральны консул Аляксей Швед. Ён пацікавіўся, ці ёсць дазвол у студэнтаў на правядзенне акцыі, сказаў, што не мае паўнамоцтваў, каб узяць сабраныя подпісы, і ў выніку пачаў пагражаць, што выкліча паліцыю.



15f99f2165aa8c86c9dface16fefd281.JPG

Беларускія студэнты, якія вучацца ў Гданьску (Польшча) па праграме Кастуся Каліноўскага (праграма падтрымкі рэпрэсаваных), спрабавалі перадаць лісты з подпісамі ў абарону Сяргея Каваленкі ў беларускае консульства. 250 подпісаў сярод студэнтаў Гданьскага ўніверсітэта сабралі за тры дні.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў генеральны консул Аляксей Швед. Ён пацікавіўся, ці ёсць дазвол у студэнтаў на правядзенне акцыі, сказаў, што не мае паўнамоцтваў, каб узяць сабраныя подпісы, і ў выніку пачаў пагражаць, што выкліча паліцыю.

Сабраныя подпісы арганізатары акцыі даслалі прыярытэтным лістом на адрас консульства ў Гданьску. Цягам двух-трох дзён ім паабяцалі даслаць адказ.

Адзін з ініцыятараў кампаніі Сяргей Гумінскі гаворыць, што цяпер часта можна пабачыць пытанні пад фотаздымкамі схуднелага Сяргея Каваленкі: “Што зрабіць, каб яму дапамагчы?. "Наша акцыя мусіла шырока азнаёміць студэнцкі асяродак з гэтай трагедыяй. Увогуле, гэтая ініцыятыва сталася адказам на стан Каваленкі. Калі б яму зараз не пачалі прымусова ставіць кропельніцы, то, відаць, б засталося зусім мала часу да непапраўнага. Мы хочам хоць неяк паўплываць на беларускія ўлады, каб яны звярнулі ўвагу на гэты выпадак і зразумелі: калі палітвязні гінуць ад голаду — гэта негатыўна ўплывае на міжнародны імідж краіны, — распавядае Сяргей Гумінскі.

Па словах Сяргея Гумінскага, ініцыятары гэтай акцыі будуць заклікаць студэнтаў іншых польскіх універсітэтаў напісаць аналагічныя звароты. Гэтая прапанова будзе дасланая ў Варшаўскі ўніверсітэт і ў Беластоцкія ўніверсітэты.

Сяргей Каваленка галадае ад 19 снежня 2011 года (з перапынкам). Ён патрабуе адмены прысуду Першамайскага суду Віцебска, які пакараў яго на 2 гады і месяц зняволення за парушэнне ўмоваў адбыцця хатняй «хіміі», якая была прысуджана за ўзняцце бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе.