Старадаўні гранітны слуп выкапалі на Дзяржынскага

Не паспеў рэдкі артэфакт з’явіцца з-пад зямлі, як нехта ўжо хоча прыбраць яго да рук! Літаральна ў 20 метрах ад прыпынку “Цэнтар занятасці” на працягу апошніх дзён можна назіраць дзіўны, на першы погляд, выцягнуты каменны прадмет у метр даўжынёй.



get_img_3_1.jpg

Калі падысці бліжэй і прыгледзецца, акажацца, што гэта гранітны слуп, які, мажліва, быў некалі ўкапаны каля аднаго са старых дамоў.


Такія слупы выконвалі падвойную функцыю, — каментуе гісторык Андрэй Вашкевіч, —  калі іх ставілі ў браме (як на Новым замку), то для таго, каб карэты і павозкі не зачапіліся выступаючымі часткамі — напрыклад, ліхтаром — за браму і бралі вугал заезду бліжэй сярэдзіны брамы. Зверху яны мелі адтуліну, куды ўстаўляўся ланцуг, якім перакрывалі ўезд, не закрываючы брамы — своеасаблівы шлакбаўм”.  

Слуп, адкапаны будаўнікамі, меў дзірку збоку, таму гэта мог быць і слуп пры браме, і элемент пастаяннай агароджы — слупы злучаныя ланцугамі. На былой вуліцы Сапёрнай (зараз Дзяржынскага) забудова існавала з часоў Тызенгаўза, таму слуп можа датавацца і XVIII, і ХІХ стагоддзямі — для дакладнага вызначэння варта даследаваць старыя планы, малюнкі, фотаздымкі.  

Як мяркуе Вашкевіч, слуп можна было б паказваць турыстам як цікавую адметнасць старога горада.

…Дарэчы, акурат у той момант, калі мы з калегам аглядалі слуп, побач праходзілі двое — ці тое прараб з будаўніком, ці проста двое працоўных, адзін пасміхнуўся ў наш бок:  

— Падабаецца камень?

 — Так.

— Мой!

— Дык дзяржаўны ж…

— Не-а, я яго сабе забяру!..  

З гэтымі словамі субяседнікі схаваліся за рогам суседняга дому. …Няўжо рэдкі помнік і патэнцыйны турыстычны аб’ект асядзе ў кагосьці на дачы? Ягоны лёс зараз цалкам залежыць ад аператыўнай рэакцыі гарадскіх улад.

Алесь Кіркевіч, euroradio.fm