Стала вядома, чаму палітвязня Мікіту Емяльянава раз за разам змяшчаюць у карцар
Палітзняволены Мікіта Емяльянаў патлумачыў, за што яго зноў і зноў памяшчаюць у карцар, піша Вясна.
Як было вядома раней, Мікіту Емяльянаву адмовілі ў сустрэчы са святаром, хаця адпаведную заяву хлопец напісаў яшчэ летам. Палітвязню не аддаюць лісты ад Змітра Паліенкі і іншых людзей. Таксама Мікіта быў абураны тым, што адміністрацыя ніяк не рэагавала на ягоную пісьмовую заяву, дзе ён прасіў даць магчымасць атаварыцца за жнівень: апошні месяц лета Мікіта не змог скарыстацца сваім правам на атаварку, бо знаходзіўся ў карцары 42 дні.
Таму палітвязень на знак пратэсту адмовіўся выконваць патрабаванні Правілаў унутранага распарадку: перастаў галіцца, стрыч валасы, ляжаў на ложку ўдзень і паліў на тым жа ложку. За ўсе гэтыя парушэнні правілаў Мікіта быў змешчаны ў карцар з 11 кастрычніка, дзе знаходзіцца ўжо больш за 20 дзён. Сям’я хлопца чакала, што Мікіта патэлефануе 30 ці 31 кастрычніка, згодна з графікам, аднак гэтага не адбылося, што хутчэй за ўсё сведчыць пра тое, што тэрмін знаходжання ў карцары быў працягнуты.
Ці скончыў Мікіта галадоўку — невядома, бо лісты ад яго не прыходзяць. Нагадаем, Емяльянаў пачаў галадоўку на знак пратэсту, калі зразумеў, што адміністрацыя турмы працягвае парушаць ягоныя правы.
Таксама Мікіту паставілі на трэці прафілактычны ўлік — “як схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў”.
Падтрымайце палітвязня паштоўкамі і лістамі салідарнасці: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99АЕмяльянаву Мікіту Уладзіміравічу.