Палітвязня Ігара Банцэра змясцілі ў штрафны ізалятар
Ігара Банцэра, якога перавялі з калоніі назад на «хімію», змясцілі ў штрафны ізалятар. Адміністрацыя палічыла, што палітвязень дапусціў некалькі парушэнняў. Прычым Банцэра забралі ў штрафны ізалятар, нягледзячы на павышаную тэмпературу.
Праз некалькі дзён пасля пераводу з калоніі Ігара Банцэра змясцілі ў ШІЗА. Адміністрацыя пакарала палітвязня за тое, што ён нібыта праспаў званок. Насамрэч званка на другім паверсе няма, вязень не мог яго пачуць. Другім парушэннем, на думку адміністрацыі, стала адмова засяліцца ў вызначаную «хату». Адміністрацыя ведала, што Ігар адмовіцца, паколькі ў «хаце» змяшчаліся так званыя «апушчаныя».
Пасля пераводу з калоніі Ігар Банцэр заставаўся ў ізаляцыі. Доктарка наведала яго 1 лістапада і выпісала яму ліст недзеяздольнасці праз павышаную тэмпературу. Але літаральна праз 30 хвілін пасля гэтага яго забралі ў ШІЗА.