Смяротнае сэлфі: амаль 260 загінулых за шэсць гадоў

Смерць дзеля сэлфі: як паказалі вынікі глабальнага даследавання ў 2018 годзе, колькасць людзей, якія загінулі пры здымках рызыкоўных сэлфі ў перыяд з кастрычніка 2011 па лістапад 2017 год, дасягнула 259.

selfie_1.jpg

У выніку даследнікі з Нацыянальнай бібліятэкі медыцыны ЗША рэкамендавалі ўводзіць у небяспечных месцах забароненыя для сэлфі зоны, каб неяк знізіць смяротнасць.
Небяспечнымі месцамі яны рэкамендуюць лічыць горныя вяршыні, высокія будынкі, берагі вадаёмаў і іншыя месцы, дзе адбываецца больш за ўсё няшчасных выпадкаў.
Аднымі з самых распаўсюджаных прычын смерці дасленікі называюць утапленне, дарожныя аварыі і падзенні з вышыні.
Часта ў зводках здарэнняў па ўсім свеце фігуруюць таксама смяротныя зыходы ад удараў электрычнасці, пры кантакце з небяспечнымі жывёламі, ад пажараў і агнястрэльнай зброі.
Так, у ліпені гэтага года 19-гадовы Гэвін Цымерман разбіўся да смерці, калі рабіў сэлфі на скале ў штаце Новы Паўднёвы Уэльс а Аўстраліі.
У верасні Томер Франкфуртэр загінуў у Ёсемітцкім нацыянальным парку ў Каліфорніі, зваліўшыся з вышыні 250 метраў пры спробе зрабіць эфектнае сэлфі.
Гэтыя і іншыя няшчасныя выпадкі былі дэталёва прааналізаваны аўтарамі даследавання.
У выніку яны прыйшлі да высновы, што больш за ўсё смяротных выпадкаў пры спробе зрабіць сэлфі адбываецца ў Індыі, Расіі, ЗША і Пакістане, а 72,5% загінулых — мужчыны.
Усе папярэднія даследаванні на гэтую тэму грунтаваліся на дадзеных, атрыманых з Вікіпедыі і «Твітэры», аднак яны, па словах супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі медыцыны ЗША, давалі скажоную карціну.
Новае даследаванне таксама выявіла тэндэнцыю да росту такіх смерцяў. Калі ў 2011 годзе было зарэгістравана ўсяго тры выпадкі, то ў 2016 іх было ўжо 98, а ў 2017 — 93.
Пры гэтым даследнікі звяртаюць увагу на тое, што рэальная колькасць сэлфі-смерцяў можа быць куды вышэй, таму што спроба зрабіць сэлфі ніколі не паказваецца ў якасці афіцыйнай прычыны смерці.
Паводле BBC