СМІ: Грамадзяніна Індыі трымаюць у Беларусі ў закладніках і збіваюць
Грамадзяніна Індыі, як мяркуецца, узялі ў закладнікі ў Беларусі. Выкрадальнікі патрабуюць выкуп каля 24 тысяч долараў і моцна збіваюць закладніка.
Выданне The Times Of India паведамляе пра маладога чалавека са штата Харыяна па імені Сону (Sonu), якога, як мяркуецца, узялі ў закладнікі ў Беларусі. Ён змог датэлефанавацца да сваякоў і патлумачыў сітуацыю. Выкрадальнікі патрабуюць выкуп 2 млн рупій (каля 24 тысяч долараў). Звярнуў ўвагу на публікацыю Reform.news.
Па словах членаў сям'і, выкрадальнікі далі па відэасувязі пагаварыць з Сону, а затым адабралі ў яго тэлефон і запатрабавалі выкуп. Спачатку сваякі выплацілі каля 400 тысяч рупій (каля 5 тысяч долараў), на 11 ліпеня выкрадальнікі зноў з імі звязаліся і запатрабавалі суму ў 5 разоў большую.
Паводле версіі брата Сону, Кармджыта, малады чалавек накіроўваўся да сваёй жонкі і дзіцяці ў Партугалію, калі яго выкралі і павезлі ў Беларусь.
«Мой брат, яго жонка і мой пляменнік (па матчынай лініі) з'ехалі з Індыі ў Партугалію 22 верасня 2022 года і здолелі дабрацца да Сербіі. Аднак майму брату Сону прыйшлося вярнуцца па нейкай прычыне. Тым часам яго жонка нарадзіла там дзіця, пасля чаго мой брат хацеў сустрэцца з жонкай і дзіцем, якія нядаўна паляцелі. Але яго выкраў там хтосьці, хто запатрабаваў 2 млн рупій за яго вызваленне.
Яны моцна збіваюць яго, робячы нам відэазванкі. Мы не можам заплаціць гэтую суму, таму індыйскі ўрад павінен умяшацца ў гэтае пытанне», — дадаў брат выкрадзенага.
На праблему звярнуў увагу мясцовы палітык Рандзіп Сурджэвала. У сваім блогу ў X ён звярнуўся да прэм'ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі з просьбай умяшацца.
Варта адзначыць, што яшчэ зусім нядаўна грамадзян Індыі фіксавалі памежнікі суседніх з Беларуссю краін Еўрасаюза ў ліку мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу. Пасля візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Пекін і заяў Варшавы пра магчымае спыненне транзіту грузаў (у тым ліку кітайскіх) пра беларуска-польскую мяжу плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі рэзка скарацілася. Відавочна, што рашэнне калі не спыніць, то істотна прыглушыць міграцыйны крызіс, які працягваецца больш за тры гады, было прынятае на высокім узроўні ў Мінску.
Але ці быў індыец Сону сярод нелегальных мігрантаў, у
матэрыяле не паведамляецца.