Лявон Вольскі: «Галоўнае — з рэальных захадаў не саскочыць зноў у занепакоенасць і заклапочанасць»

«Дзяржава ніколі не баялася ўжываць скрайнія захады — яна была ўпэўненая: ёй такімі самымі скрайнімі захадамі ніколі не адкажуць». Так было больш за 20 гадоў таму, калі зніклі беларускія апазіцыйныя палітыкі. Еўропа тады толькі выказала крайнюю заклапочанасць. А што адбываецца цяпер? Якія захады робяць еўрапейскія палітыкі? І ці магчыма зварухнуць нешта ў беларускай дзяржаўнай машыне? Ці яна ўжо зварухнулася? Разважае Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся» на Budzma.org.

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

Калісьці быў надзвычай папулярны афарызм Жырыноўскага: «Беларусь уратуе толькі снайпер». Усе, смеючыся, паўтаралі гэты выраз, але, як высветлілася, Беларусь — не Злучаныя Штаты. Смешны выраз застаўся проста наборам словаў. А вось дзяржава не пабаялася ўжыць «скрайнія захады» да апазіцыйных палітыкаў. І гэтыя палітыкі зніклі. Ужо болей за дваццаць гадоў таму. 

Дзяржава ніколі не баялася ўжываць скрайнія захады — яна была ўпэўненая: ёй такімі самымі скрайнімі захадамі ніколі не адкажуць. Ані ейныя грамадзяне, ані іншыя дзяржавы. Не наважацца!

Як усё пачыналася

Памятаеце, як усё пачыналася? Дэпутаты Вярхоўнага Савету ідуць на скрайнія захады — галадоўку ў зале пасяджэнняў. Яны лічаць, што гэты захад прымусіць іхнага апанента — прэзідэнта — пайсці на саступкі.

haladouka_u_vs.jpg

Для тых дэпутатаў-дэмакратаў скрайнія захады — гэта галадоўка ў залі парламенту, а для прэзідэнта сілавы разгон гэтае акцыі — гэта яшчэ далёка не скрайні захад. Пабіць-пашкамутаць галадоўнікаў і выкінуць з будынку Вярхоўнага Савету! Ну, так, гэта незаконна. Так, нецывілізавана. Але закон, мараль і цывілізаванасць — гэта стрымлівальныя фактары для дэпутатаў-дэмакратаў, але не для іхнага апанента. Для яго любыя сродкі добрыя, каб толькі ў выніку добра было яму.

Еўропа выражае заклапочанасць

Цяперашняя РБшная ўлада ад самага пачатку дэманстратыўна ігнаравала ўсялякія міжнародныя стандарты, пагадненні, пісаныя ды непісаныя правілы. Каб было ўсім ясна, што калі што, дык ніякіх цывілізаваных, маральных і іншых прынятых у дэмакратычным свеце межаў для яе не існуе. Каб баяліся! Як, ведаеце — маленькі сабачка, але можа ўкусіць да крыві, лепей яго не кранаць. 

Бралі шматмільённыя гранты ў Еўразвязу (ён амаль паверыў у чарговую беларускую лібералізацыю!) — на памежную інфраструктуру, на дарогі. Парабілі гэтыя беларускія дарогі, усходнія турысты ездзілі і захапляліся. Ніхто не думаў, што ўсё гэта — на варожыя еўразвязаўскія грошы! Потым згарнулі лібералізацыю, пазабівалі, пасаджалі, затэрарызавалі ўласнае насельніцтва — паводле міжнародных стандартаў такой агрэсіўнай дзяржаве грошы на дарогі і памежжа вылучаць не выпадае — згарнуліся і гэтыя еўрапейскія гранты. Пры гэтым Еўропа была надта заклапочаная сітуацыяй — маўляў, вельмі шкада, але даводзіцца ісці на скрайнія захады...

Малюнак Лявона Вольскага

Малюнак Лявона Вольскага

Атрымайце мігрантаў у адказ!

Адказ быў па-за межамі дабра і зла. Маўляў, згарнулі гранты на памежную інфраструктуру — атрымайце мігрантаў! Раней мы іх не пускалі, а цяпер будзем яшчэ й заахвочваць, калі трэба, дык і ўзброім! І вось — дзясяткі тысячаў мігрантаў з беларускімі й расійскімі візамі штурмуюць межы нашых заходніх суседзяў. А што вы нам зробіце? Выразіце заклапочанасць? Альбо ганіце грошы, альбо будзе ў вас вечная мігранцкая праблема!

Глядзіце таксама

Ясна, што да такіх рэчаў на Захадзе былі не гатовыя. Доўга думалі, што рабіць, раіліся. Пазачынялі памежныя пераходы, але кіраўніцтва РБ ўпэўнена каментавала: «Ой, што там яны паперакрывалі, хутка зноў адчыняць, немцы ім не дазволяць, бо трэба ж перасоўваць грузы туды-сюды». Для гэтага РБшнага кіраўніцтва немагчыма ўявіць, што можа быць нейкая супраца «на роўных» — не, мусіць абавязкова быць субардынацыя, нехта галоўны, а нехта падначалены. Вось немцы — галоўныя. А гэтыя — іхныя сатэліты. Як у нас з Расеяй. 

І дайшло да таго, што мігранты забілі польскага памежніка.

Глядзіце таксама

Нечаканы ход

І вось тут пачалося тое, чаго ніколі не было за доўгія дзесяцігоддзі супрацьстаяння беларускае аўтакратыі з краінамі Захаду! 

Польскі прэзідэнт ляціць у Кітай і гаворыць таварышу Сі, што Польшча сур’ёзна падумвае пра тое, каб праз мігранцкі крызіс наогул перакрыць мяжу — і для тавараў у тым ліку. Раней — дыктатура дыктатурай, прыгнёт прыгнётам, а гандаль ішоў вельмі сабе спрытненька. А тут — нечаканы ход! Для ілюстрацыі таго, што ўсё гэта не пустыя словы, палякі на некалькі гадзінаў паралізуюць працу чыгуначнага вузлу, праз які раней бесперапынна перасоўваліся тавары. І з Кітаю ў тым ліку. Ды чаго там, большасць гэтых тавараў была з Кітаю!

Ясна, што такіх захадаў беларускія ўлады не чакалі. «На што там, — думалі яны, — гэтыя бесхрыбетныя лібяралы здольныя? Адно толькі заклапочанасць выражаць. Не тое, што мы — рашучыя, энергічныя, гатовыя на любыя «скрайнія захады»!».

Але рэчаіснасць — вось яна! — даюць зразумець, што могуць рэальна перакрыць мяжу! Ці пойдуць да канца — невядома, але хто іх ведае? А раптам? А злаваць Кітай — гэта вам не жарцікі, можна і атрымаць у плечы!

Глядзіце таксама

Справа была ў гэтых «скрайніх захадах»

І тут у дзяржаўнай машыне РБ нешта млява, але заварушылася. І мігранты ўжо не так пруць, як раней, і кіраўнік МЗС нешта там плявузгнуў, маўляў, давайце разам вырашаць сітуацыю на мяжы. А чаго ж вы ўсе гэтыя 4 гады не хацелі разам яе вырашаць? А як дайшло да рэальнае пагрозы — дык чамусьці захацелася? 

Бачыце, справа была ў гэтых «скрайніх захадах». Калі найвялікшай пагрозай быў «неўязны спіс у Еўропу і ЗША», дык і рабілі сабе, што хацелі, і плявалі на ўсе законы й пагадненні, а цяпер дык заварушыліся. І некаторых палітвязняў адпусцілі, і рыторыка памякчэла. Чым больш жорстка з імі, тым болей плёну. Яны ж разумеюць адно мову сілы. Адчуваюць, калі патыхае скрайнімі захадамі.

І калі так пойдзе, дык і Пачобута неўзабаве адпусцяць з палону. 

Галоўнае — з рэальных захадаў не саскочыць зноў у занепакоенасць і заклапочанасць.

Лявон Вольскі, budzma.org