«Вайна — гэта не рашэнне»: Прэм'ер Індыі — на сустрэчы з Пуціным
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі прыехаў з двухдзённым візітам у Маскву 8 ліпеня. Паводле інфармацыі індыйскіх СМІ, ён дамовіўся з Пуціным аб звальненні з расійскага войска грамадзян Індыі, якіх падманам адправілі на вайну ва Украіне.
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным заявіў, што яго краіна гатовая да любога садзейнічанню ў пытанні ўстанаўлення міру паміж РФ і Украінай.
«Бомбы, ракеты і вінтоўкі не могуць забяспечваць мір»
Ён адзначыў, што «вайна — гэта не рашэнне».
«У якасці вашага сябра я вам заўсёды казаў, што для светлай будучыні будучых пакаленняў мір абавязковы, таму мы лічым, што вайна — не рашэнне. Рашэнне не можа быць з дапамогай вайны. Бомбы, ракеты і вінтоўкі не могуць забяспечыць мір, таму мы робім акцэнт на дыялог, і дыялог неабходны», — сказаў Модзі.
Са слоў індыйскага прэм'ера, падчас размовы з Пуціным напярэдадні ён «адчуваў аптымізм», і ў яго «паўсталі надзеі на будучыню». Модзі адзначыў, што «пачуў» пазіцыю расійскага прэзідэнта і яго «пазітыўныя погляды».
У сваю чаргу, Пуцін падзякаваў Модзі за яго спробы знайсці шляхі «да развязання ўкраінскага крызісу» мірным шляхам.
Прэм'ер Індыі таксама заявіў, што «кожны, хто верыць у чалавецтва, адчувае боль, калі паміраюць людзі, асабліва, калі паміраюць ні ў чым не вінаватыя дзеці». «Калі мы адчуваем такі боль, то сэрца проста разрываецца, і я меў магчымасць пагаварыць пра гэтыя пытанні ўчора», — цытуе Модзі «Інтэрфакс».
Візіт Модзі ў Маскву раскрытыкаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 8 ліпеня — у дзень, калі ў выніку расійскага ракетнага ўдару пацярпела дзіцячая лякарня ў Кіеве — украінскі прэзідэнт заявіў, што «гэта велізарнае расчараванне і зруйнавальны ўдар па мірных намаганнях — бачыць, як лідар найбуйнейшай дэмакратыі свету абдымаецца з самым крывавым злачынцам у свеце ў Маскве ў такі дзень».
Індыя не падпісвала дэкларацыю па выніках саміту міру ў Швейцарыі, які быў арганізаваны Украінай.
З расійскага войска адпусцяць усіх грамадзян Індыі?
СМІ пішуць, што Пуцін і Модзі дамовіліся аб звальненні з расійскага войска грамадзян Індыі, якія ваююць ва Украіне, Крэмль гэта не каментуе.
Прэм'ер-міністр Модзі, нібыта, падняў гэтае пытанне на закрытай вячэры, арганізаванай Пуціным учора ўвечары, паведамілі крыніцы. Расія пагадзілася звольніць усіх індыйцаў, якія служаць у яе арміі, і спрыяць іх вяртанню, дадалі яны.
Індыйская тэлекампанія NDTV паведаміла, што Індыя займаецца вяртаннем на радзіму сваіх грамадзян, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Паводле NDTV, рашэнне пра вызваленне грамадзян Індыі з расійскага войска было прынята на сустрэчы Пуціна і прэм'ера Модзі.
NDTV паведамляе, што дзесяць індыйцаў ужо вярнуліся на радзіму, астатніх таксама звольняць са службы.
Па дадзеных тэлекампаніі, па меншай меры 20 грамадзян Індыі патрапілі на вайну ва Украіну «з-за памылкі» ў выніку вярбоўкі агентамі, якія абяцалі ім высокааплатную працу.
У гэтым годзе ў сеціва патрапіла віруснае відэа, дзе групу мужчын з Пенджаба і Хар'яны — апранутых у ваенную форму РФ — сцвярджалі, што іх падманам прымусілі ўдзельнічаць у вайне ва Украіне, і прасілі ім дапамагчы.
Як мінімум двое індыйцаў загінулі ва Украіне, паведамляе тэлеканал, удакладняючы, што ў расійскім войску могуць служыць ад 30 да 40 грамадзян Індыі.
Крэмль ніяк не каментуе паведамленні аб нібыта дасягнутай Пуціным і дамоўленасці аб датэрміновым звальненні з расійскага войска індыйскіх грамадзян, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Нагадаем, Прэм'ер-міністр Модзі прызямліўся ў Маскве ўчора ўвечары, што стала яго першым візітам у краіну пасля пачатку вайны супраць Украіны. У аэрапорце яго сустракаў першы віцэ-прэм'ер Расіі Дзяніс Мантураў.
Сёння прэм'ер-міністр Індыі правядзе двухбаковыя перамовы з Пуціным, а таксама возьме ўдзел у 22-м індыйска-расійскім саміце ў Маскве.
Нарэндра Модзі, адзначае www.ndtv.com крочыць па тонкай мяжы паміж захаваннем даўніх адносін з Масквой і заляцаннем за больш цеснымі сувязямі ў сферы бяспекі Захаду. Гэты візіт таксама першы для прэм'ер-міністра Модзі пасля таго, як ён вярнуўся да ўлады на трэці тэрмін.
Паводле www.ndtv.com, ВВС, meduza.io