866-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: масіраваны ўдар па Украіне, пападанне ракеты ў дзіцячую лякарню

У выніку ўдару расійцаў па Кіеве ёсць ахвяры ў некалькіх раёнах горада. Расійская ракета папала па дзіцячай лякарні, дзе з-пад завалаў дастаюць ахвяр. Ёсць загінулыя і пацярпелыя і ў Крывым Рогу.

Расійская ракета ўдарыла па дзіцячай лякарні ў Кіеве

Расійская ракета ўдарыла па дзіцячай лякарні ў Кіеве

***

Украінскія аператары беспілотнікаў выкарыстоўваюць FPV-дроны для паражэння расійскіх выведвальных беспілотнікаў, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

«Украінскія аператары беспілотнікаў, падобна, паляпшаюць свае магчымасці перахопу расійскіх беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння ў паветры. Гэтыя тэхналагічныя інавацыі могуць дазволіць украінскім сілам аслабіць ціск на сродкі СПА блізкага і сярэдняга радыусу дзеяння, калі яны будуць паспяхова ўжытыя ў шырокіх маштабах».

На відэа, апублікаваным 1 чэрвеня, відаць, як украінскія сілы выкарыстоўваюць беспілотнікі FPV для паражэння расійскага тактычнага выведвальнага беспілотніка «Зала» і выведвальнага беспілотніка сярэдняга радыусу дзеяння «Арлан-10» пасярод палёту ў раёне Вялікай Навасёлкі. 

29 чэрвеня Харкаўская аператыўна-тактычная групоўка апублікавала відэа, на якім відаць, як украінскі беспілотнік перахапляе расійскі беспілотны лятальны апарат «Ланцэт», які ляціць у паветры на харкаўскім кірунку.

Ваенныя аналітыкі адзначылі, што як украінскія, так і расійскія сілы, падобна, паляпшаюць сваю здольнасць выкарыстоўваць БПЛА для перахопу іншых БПЛА на тактычным узроўні.

ISW яшчэ не бачыў пацверджанняў таго, што расійскія сілы выкарыстоўваюць дроны для паражэння ўкраінскіх беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння ў паветры.

Здольнасць украінцаў выкарыстоўваць танныя і шырокадаступныя беспілотнікі для маштабнага перахопу больш дарагіх расійскіх выведвальных дронаў, імаверна, дазволіла б украінскім сілам аслабіць расійскія ўдарныя комплексы, захоўваючы пры гэтым дарагія і дэфіцытныя перахопнікі СПА малой і сярэдняй далёкасці для больш дарагіх і значных расійскіх паветраных цэляў. 

Аднак ISW пакуль што не назірала, каб украінскія сілы выкарыстоўвалі беспілотнікі FPV для маштабнага паражэння расійскіх выведвальных беспілотнікаў. 

Расійскія і ўкраінскія ўзброеныя сілы цяпер вядуць тэхналагічнае спаборніцтва паміж наступальнымі і абарончымі сіламі.

І здольнасць Украіны ўкараняць тэхналагічныя інавацыі, што апераджае расійскую адаптацыю, мае вырашальнае значэнне для здольнасці Украіны нівеляваць цяперашнія перавагі Расіі ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.

***

У выніку ракетнага ўдару расійцаў 8 ліпеня ў Кіеве было зафіксавана пападанне ў памяшканне Нацыянальнай дзіцячай спецыялізаванай бальніцы «Ахмацдзет» («Охматдет»), там ёсць пацярпелыя.

Паводле слоў кіраўніка медыцынскай установы Уладзіміра Жаўніра, быў прылёт у адзін з карпусоў лякарні. Цяпер там арганізуюць эвакуацыю і пераезд усіх, хто быў у памяшканні.

У 11:28 кіраўнік КГВА Віталь Клічкопаведаміў, што вядома пра 3 загінулых і 9 параненых, але праз 3 хвіліны дадаў, што загінулых ужо 5.

Клічко ўдакладніў, што колькасць пацярпелых таксама ўзрасла. Было вядома пра 11 пацярпелых, 8 з якіх у бальніцах.

up08_1.webp

Пазней кіраўнік МУС Ігар Кліменка паведаміў пра 7 загінулых у выніку ўдару па Кіеве:

«На гэты момант маем 7 загінулых. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца. І непасрэдна тут, у дзіцячай бальніцы «Ахмацдзет» , таксама. На лакацыі «Ахмацдзет» 2 загінулых і 5 загінулых у Саломенскім раёне — гэта жылы дом і гандлёвы цэнтр».

Ён таксама паведаміў, што дасталі аднаго чалавека з-пад завалаў жывым. Пошук людзей працягваецца. Паводле звестак Кліменкі, параненыя цяпер 15 жыхароў Кіева.

war08_24.webp

Яшчэ праз некалькі хвілін Папко ўдакладніў, што загінулі 8 чалавек.

«Папярэдняя інфармацыя — 8 загінулых. Мы знаходзімся на тэрыторыі бальніцы «Ахмацдзет». Працягваецца разбор разбурэнняў. Ёсць інфармацыя, што пад заваламі ёсць людзі, магчыма, дзеці».

«Абломкі ракет упалі ў Дняпроўскім, Саломенскім раёнах. Ёсць выклік службаў у Галасееўскі раён. Брыгады экстраных служб накіроўваюцца на месцы», — напісаў у тэлеграме Клічко.

Выбух быў чутны і ў Шаўчэнкаўскім раёне.

***

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскіадрэагаваў на ранішні ракетны ўдар расійскіх войскаў па Украіне. Паводле яго слоў, РФ запусціла больш за 40 ракет розных тыпаў.

«Расійскія тэрарысты зноў масіравана атакавалі ракетамі Украіну. Розныя гарады: Кіеў, Днепр, Крывы Рог, Славянск, Краматорск. Больш за 40 ракет розных тыпаў. Пашкоджаныя жылыя дамы, інфраструктура і дзіцячая бальніца».

Зяленскі адзначыў, што ўвесь свет павінен задзейнічаць усю сваю рашучасць, каб нарэшце пакласці канец расійскім ударам. «Забойствы — гэта тое, што нясе Пуцін. Толькі разам мы можам прынесці сапраўдны мір і бяспеку», — адзначыў кіраўнік Украіны.

***

Расія сёння ўдзень нанесла масіраваны ракетны ўдар па Крывым Рогу на Днепрапятроўшчыне, вядома пра 10 загінулых і 31 параненага, паведаміў старшыня Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул.

«Некалькі пападанняў. У тым ліку — па адміністрацыйным будынку прамысловага прадпрыемства. працягваецца ліквідацыя наступстваў. Папярэдне 10 загінулых, 31 паранены ўжо знаходзіцца ў бальніцы, з іх 10 цяжкіх».

Вілкул адзначыў, што цяпер працуюць усе аварыйныя, камунальныя і медыцынскія падраздзяленні. Пасля інфармацыю пра наступствы атакі на Крывы Рог пацвердзіў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, расійцы таксама ўдарылі па Дняпры, ёсць параненыя.

«У Дняпры пашкоджанні атрымалі шматпавярхоўка, прадпрыемства. Знявечана СТА. Ёсць параненыя», — дадаў Лысак.

Паводле даных пракуратуры, з-за варожай атакі па Дняпры пацярпеў 1 мясцовы жыхар. На месцах падзей працуюць супрацоўнікі экстранных службаў і праваахоўнікі, якія фіксуюць чарговае злачынства РФ. Праваахоўнікі пачалі дасудовае расследаванне ў крымінальных вытворчасцях па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, злучанага з наўмысным забойствам.

***

«The Economist» піша, што Расія страціла забітымі і параненымі ад 462 да 728 тысяч вайскоўцаў у вайне супраць Украіны.

Страты Расіі на вайне ва Украіне перавышаюць колькасць ахвяр усіх яе войнаў пасля Другой сусветнай вайны, разам узятых.

***

Камандуючы паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук заявіў, што ў ноч на панядзелак Расія атакавала Украіну чатырма ракетамі Х-101, запушчанымі з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС, а таксама двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М».

Паводле заявы, збіць атрымалася тры з чатырох ракет у Жытомірскай і Чаркаскай абласцях.

Ноччу на ўсёй тэрыторыі Украіны двойчы абвяшчалася паветраная трывога. Паветраныя сілы на працягу ночы паведамлялі пра некалькі груп ракет, раніцай — пра ўзлёт пяці Ту-95 з аэрадрома ў Мурманскай вобласці.